Лукашэнка: Наспеў час аднавіць поўнафарматнае супрацоўніцтва са Швецыяй
Кіраўнік Беларусі лічыць, што нашай краіне ёсць чаму павучыцца ў Швецыі.
25 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка прымаў даверчыя граматы замежных амбасадараў.
Падчас гэтай працэдуры кіраўнік дзяржавы выказаў меркаванне, што наспеў час аднавіць поўнафарматнае супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Швецыяй. Ён заявіў, што наша краіна заўсёды выступала за ўзважаны, станоўчы і прагматычны дыялог з усімі краінамі.
Швецыя, на думку Лукашэнкі, адыгрывае важную ролю ў рэгіянальных і субрэгіянальных працэсах на поўначы Еўропы, а таксама ў Еўрасаюзе. "Дый мы ніколі не хавалі, што нам ёсць чаму павучыцца ў Швецыі", — цытуе БЕЛТА словы беларускага кіраўніка.
Дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і Швецыяй былі ўсталяваныя ў 1992 годзе. У 2012 годзе пасля вядомага "цацачнага дэсанту", які зладзілі ў Беларусь шведскія грамадзяне, Беларусь выслала шведскага амбасадара Стэфана Эрыксана.
Фота — president.gov.by