Кошт будаўніцтва моста пад Віцебскам завысілі на $700 тыс

Кошт будаўніцтва моста пад Віцебскам завысілі на $700 тыс

Кошт будаўніцтва моста праз Заходнюю Дзвіну пад Віцебскам завысілі на 1,4 мільёна новых беларускіх рублёў, або прыкладна на 700 тысяч долараў. Такія вынікі дала праверка Камітэта дзяржкантролю, зладжаная на гэтым аб’екце. Выяўленыя шматлікія факты завышэння кошту працаў на аб’екце “Аўтамабільная дарога Паўночна-Заходні абход г. Віцебска”.

Паводле інфармацыі КДК, якую публікуе БЕЛТА, былі змененыя істотныя пункты дамовы, сфармаваныя па выніках правядзення падрадных таргоў — зніклі ўмовы карэкціроўкі дагаварной цаны пры змяненні кошту матэрыялаў, вырабаў і канструкцый, у выніку чаго кошт аб’екта стаў вызначацца па нязменнай дагаварной цане і гэта пацягнула за сабой завышэнне кошту матэрыялаў.

Падрадчык (гэта філіял МБУ-5 ТАА “Мостабуд”) дапусціў завышэнне кошту выкананых працаў і выдаткаў на суму 1,43 мільёна рублёў, што складае 16,6% ад кошту выкананых працаў. Віна ў гэтым ускладаецца на заказчыка (РУП “Віцебскаўтадар”), які не забяспечыў належны кантроль.

У матэрыялах праверкі зафіксаваныя шматлікія парушэнні, звязаныя з адсутнасцю эканоміі бюджэтных сродкаў, выкарыстаннем матэрыялаў, на якія не было дакументаў аб якасці і іншыя. Уся інфармацыя перададзеная ў праваахоўныя органы для вырашэння аб прыцягненні да адказнасці службовых асобаў.

На сёння шкода часткова кампенсаваная на суму ў 550 тысяч новых рублёў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі