Кожная чацвёртая сям'я ў Беларусі няпоўная

Ці змянілася беларуская сям'я за апошні час? Раней было зразумела, што такое сям'я - гэта мужчына і жанчына ў зарэгістраваным шлюбе, пажадана каб былі яшчэ і дзеці… А цяпер як?

Святлана Бурава: Так, змен адбываецца вельмі шмат. Сям'я заўсёды змянялася… Але ў апошнія 20-50 гадоў трансфармацыя больш прыкметная, бо сацыяльнае жыццё стала больш дынамічным. А сям'я і грамадства - узаемазвязаныя: калі адбываюцца нейкія прыкметныя сацыяльныя з'явы ў грамадстве, то гэта ўсё адбіваецца на жыцці людзей у шлюбна-сямейнай сферы.

Якія асноўныя новыя тэндэнцыі?

Працягвае павялічвацца нестабільнасць шлюбаў. Памяншаецца нараджальнасць - гэта ўжо не новая, але стабільная з'ява. І тут дынаміка пагаршаецца…

Існуюць дзве асноўныя формы сям'і - пашыраная і нуклеарная. Нуклеарная - гэта маленькая сям'я, у якой ёсць толькі бацькі і дзеці, або толькі супругі… Пашыраная - там, дзе ёсць яшчэ нейкія сваякі. Цяпер стала менш пашыраных сем'яў, і працэс звужэння працягваецца. Сям'я ў нас вельмі маленькая, галоўным чынам - тры чалавекі.

Павялічваецца колькасць "не поўных" сем'яў, дзе ёсць толькі адзін з бацькоў. У Беларусі кожная 4-я сям'я - гэта сям'я, дзе ёсць толькі маці або бацька (пераважна маці). Нядаўнія даследаванні паказалі, што няпоўных матчыных сем'яў у Беларусі ў 13 разоў больш, чым бацькаўскіх.

Колькі звычайна дзяцей у беларускіх сем'ях?

Тыповая беларуская сям'я - гэта мама, тата і адно дзіця. На другім месцы - мама, тата і двое дзяцей. Але жаданне мець дзяцей большае, чым ёсць насамрэч. Людзі не паспяваюць рэалізаваць патрэбу ў дзецях па розных прычынах - эканамічны фактар, па стане здароўя мужа ці жонкі, у сувязі з  экалагічнымі праблемамі. Але зніжэнне нараджальнасці адбываецца, перш за ўсё, з-за змянення структуры жыццёвых каштоўнасцяў. Па-засямейныя каштоўнасці робяцца больш важнымі важными, чым сямейныя.


 

У сям'і стала больш раўнапраўя

Ідзе пераход ад традыцыйнай (патрыярхальнай) мадэлі да сучаснай (эгалітарнай). Патрыярхальная сям'я - гэта сям'я на чале з мужчынам. Там выразна распісаны ролі, якія існавалі стагоддзямі, дзе жанчына падпарадкаваная істота... Мужчына - галоўны, ён прымае рашэнні і нясе адказнасць. Іерархія і субардынацыя ў такіх сем'ях існуе таксама паміж дарослымі і дзецьмі (дзеці заўсёды падпарадкаваныя).

Працэс пераходу ад традыцыйнай мадэлі да сучаснай ідзе вельмі павольна. У нас практычна не засталося чыста патрыярхальных сем'яў, але вельмі мала і эгалітарных…

Эгалітарная сям'я - гэта калі ролі мужчыны і жанчыны ў сям'і роўныя?

Эгалітарная сям'я - гэта раўнапраўная сям'я. Там роўныя не толькі муж і жонка, але і дарослыя дзеці. Меркаванне дзіцяці павінна ўлічвацца гэтак жа, як і меркаванне дарослага.

Як доўга жыве пара разам да таго, як узяць шлюб? Ці павялічваецца гэты тэрмін?

Вы закранаеце пытанне так званых "выпрабавальных" шлюбаў. Статыстыкі такой, вядома, няма - дзяржава іх не рэгіструе. Але мы ведаем, што такія шлюбы атрымліваюць распаўсюджанне. Калі казаць яшчэ пра новыя формы шлюбу, то атрымліваюць распаўсюджанне і так званыя "фактычныя сажыцці", якія чамусьці многія завуць грамадзянскімі шлюбамі.

Звяртаю вашу ўвагу, што статыстыкі такой няма, але даследаванні паказваюць, што павялічваецца колькасць маладых і не вельмі людзей, якія аддаюць перавагу таму, каб  сысціся без усякіх штампаў у пашпарце і жыць разам. І яны могуць жыць доўга, у іх могуць нараджацца дзеці…

У фактычных сажыццяў, з аднаго боку, няма фармалізму, усё пабудавана на маральных прынцыпах і адказнасці, але гэтыя людзі стачваюць прававую абарону. Калі яны вырашылі калісьці сысціся разам і жыць, то,як толькі яны разыйдуцца - ніхто за іх не адказвае, дзяржава не мае да гэтага ніякага дачынення.

Паколькі ёсць такая тэндэнцыя, то, напэўна, колькасць зарэгістраваных шлюбаў памяншаецца?

Я думаю, гэта адбіваецца на статыстыцы. Але статыстыка адсочвае толькі тое, што афіцыйна прапісана ў ЗАГСах. Таму праўдзівай карціны гэтых шлюбаў мы сёння не маем.

Тым не менш, сацыялагічныя даследаванні на гэту тэму праводзяцца?

Так, даследаванні паказваюць, што чвэрць дзяцей у Беларусі нараджаюцца менавіта ў такіх незарэгістраваных шлюбах. У Швецыі і некаторых іншых краінах заходняй Еўропы гэты паказчык наогул дасягае 50%.

Гэта значыць па гэтым паказчыку мы набліжаемся да краін заходняй Еўропы?

У гэтым так. Ёсць і іншыя формы шлюбу. Напрыклад, "адкрытыя шлюбы", калі са згоды абодвух дапускаецца шлюбная здрада. Ці "свінгерства", як у ЗША, калі абменьваюцца шлюбнымі партнёрамі… Гомасэксуальныя шлюбы, зноў жа. У Еўропе ўжо 10 краін на юрыдычным узроўні рэгламентуюць такія шлюбы, нават з правам усынаўлення дзяцей. Гэта значыць, там гомасексуальны саюз можа стаць асновай для сям'і.

У нас на юрыдычным узроўні, вядома, пакуль гэтага няма. Я думаю, што ў нас гэта латэнтныя працэсы, але, тым не менш, штосьці такое ёсць.

Даследаванні, якія праводзіліся ў 2008 годзе, паказалі, што ініцыятарамі разводаў часцей бываюць жанчыны…

Дакладна, таму што ў жанчын больш патрабаванняў да шлюбу…

А хто часцей ініцыюе стварэнне сям'і?

Як вядома, для таго, каб зарэгістраваць шлюб, патрэбныя заявы ад абодвух бакоў. У нас шлюб - гэта добраахвотны саюз дваіх людзей. А як там у дашлюбны перыяд? Хто каго падштурхоўвае да рашэння "давай пажэнімся"?… У мяне ёсць здагадкі (не зусім неабгрунтаваныя), што дзяўчыны выяўляюць цяпер вялікую ініцыятыву, падштурхоўваючы хлопцаў ці мужчын да рашэння пра рэгістрацыю шлюбу.

Які цяпер сярэдні ўзрост уступлення ў шлюб?

Узрост уступлення ў шлюб павялічваецца. Наколькі я памятаю, з 22 гадоў ён павялічыўся да 24,5. Гэта значыць, сёння ў шлюб уступаюць у пазнейшым узросце. Зрухі ёсць і ў мужчын, і ў жанчын. Тут мы не арыгінальныя - заходняя Еўропа ўжо даўно набліжаецца да сярэдняга ўзросту ўступлення ў шлюб дзесьці ў раёне 30 гадоў.

У параўнанні з імі ў нас даволі рана бяруць шлюб…

Так, на нас яшчэ ўплывае савецкае мінулае. Акрамя таго, людзі не прывыклі суадносіць свае сацыяльна-эканамічныя ўмовы з рашэннем узяць шлюб. На Захадзе ж рашэнне прымаецца адказна - калі ёсць матэрыяльная база, прафесія, стабільная праца…

У нас менш на гэта глядзяць?

Так, у нас больш аглядаюцца на мам і тат, якія павінны потым яшчэ ўтрымліваць маладую сям'ю. Я думаю, што гэта не вельмі адказнае стаўленне. Калі мы кажам пра адказнае стаўленне, той уступленне у шлюб павінна быць пазнейшым, бо і ўзрост сапраўднага эканамічнага сталення сёння настае пазней - людзі даўжэй вучацца і пазней пачынаюць зарабляць на жыццё.

Ці забяспечаны сёння нашы сем'і матэрыяльна? Напрыклад, наколькі яны забяспечаны жыллём?

Жыллёвая праблема існуе. Больш вострая яна ў моладзі, але ёсць і ў спелых сем'яў. Даследаванне 2008 года паказала, што шматлікія людзі (нават тыя, якія маюць жыллё) далёка не заўсёды здаволеныя яго якасцю.

Каля чвэрці спелых сем'яў, якія пражылі ў шлюбе больш 5-ці гадоў, жывуць з бацькамі. Хоць пражыванне з бацькамі можа лічыцца фактарам, які дэстабілізуе адносіны паміж супругамі. Аптымальны варыянт - гэта калі сям'я жыве асобна.

Калі мы кажам пра эканамічны складнік, то грошы і ўсё, што звязана з матэрыяльным становішчам - першая прычына, па якой адбываюцца ў сем'ях канфлікты. Не каханне, а менавіта грошы.

Якія яшчэ ёсць прычыны канфліктаў?

На першым месцы - эканамічны фактар (грошы), або мала зарабляе, або няправільна расходуе… На другім месцы - псіхалагічны фактар, які аформлены ў выглядзе агульнага меркавання ўзаеманепаразумення. "Мы не разумеем адзін аднаго". У іскавой заяве пра развод можа быць прапісана "не сышліся характарамі". Гэта сведчыць пра тое, што наша насельніцтва псіхалагічна малаграматнае, ці нават няграматнае.

Калі б атрымалася павялічыць узровень псіхалагічнай адукаванасці мужчын і жанчын, было б менш канфліктаў і разводаў.

На трэцім месцы ўсё, што звязана з дзецьмі. Ці то метады выхавання не тыя, ці то па-рознаму бачаць будучыню дзіцяці. Часта бываюць канфлікты з-за таго, што тата менш удзельнічае ў выхаванні, чым мама.

На чацвёртым месцы - размеркаванне дамашніх абавязкаў. Тут мы кажам пра існуючыя гендэрныя стэрэатыпы, якія прадпісваюць: мама робіць гэта, а тата ляжыць на канапе, можа часам забіць цвік ці лямпачку ўкруціць.

І апошняе з пяці самых значных - гэта п'янства ці алкагалізм.

Наконт псіхалагічнай адукаванасці... Як часта ў перыяды крызісу пары звяртаюцца за псіхалагічнай дапамогай? Існуе ж сямейная тэрапія, куды пара можа хадзіць, каб наладзіць адносіны…

Так, у нас ёсць добрыя спецыялісты, ёсць добрыя кніжкі. Але народ дзейнічае па шаблоне - нашы мамы і бабулі нікуды не хадзілі і мы не пойдзем… Не вельмі цывільнае стаўленне да таго, што ёсць навукова распрацаваныя спосабы, якія дапамагаюць нам пераадольваць жыццёвыя праблемы. Тут трэба ці больш інфармаваць пра такія магчымасці, ці неяк змяняць усталёўкі.

Пайсці да спецыяліста - гэта не сорамна, гэта звычайна. Не сорамна павінна быць прызнацца сабе, што мне бракуе нейкіх ведаў, што ёсць людзі, якія гэта ведаюць і могуць дапамагчы.

Досвед паказвае, што паўторныя шлюбы такія жа няўдалыя, як і першыя. Там паўтараюцца ўсе тыя памылкі, якія былі ў першым шлюбе.

Раней было - калі жаніўся, то ўжо і жыві так да канца жыцця, нават калі не падабаецца. Цяпер у гэтым людзі сталі больш свабодныя…

Так, раней шлюб разумелі як пажыццёвы саюз. Але гэта было дзесьці нават абгрунтавана. Амерыканскія даследаванні паказалі, што некалькі ўступленняў у шлюб скарачаюць чалавеку жыццё. Акрамя гэтага, шматлікія шлюбы не робяць людзей шчаслівейшымі. А тыя пары, якія ўмеюць пераадольваць праблемы, у канчатковым выніку выходзяць на той узровень здаволенасці адносінамі, які быў на пачатку.

У нас існуе праблема ў тым, што людзі не ўмеюць змагацца, пераадольваць цяжкасці і чакаць гэтага шчасця, якое ўсё ж прыйдзе.

Пазасямейныя каштоўнасці пераважаюць над сямейнымі.

Людзі жадаюць больш атрымліваць адукацыю, мець вялікія прыбыткі, цікава адпачываць, кудысьці ездзіць… А дзеці тут замінаюць. Ідзе рэструктурызацыя жыццёвых каштоўнасцяў, дзе дзецям не заўсёды хапае месца.

Давайце зробім невялікі прагноз. Што чакае беларускую сям'ю ў будучыні? Ці будзе і далей павялічвацца колькасць незарэгістраваных саюзаў?

Я думаю, што лібералізацыя грамадства, індывідуалізацыя жыцця і сэксуальная рэвалюцыя, якая працягваецца, будуць спрыяць павелічэнню колькасці фактычных сажыццяў. Будзе павялічвацца колькасць розных мадэляў шлюбна-сямейных адносін, новых форм... І гэта нармальна. Людзі эксперыментуюць, чагосьці шукаюць… Але людзі павінны яшчэ навучыцца браць на сябе адказнасць і быць больш маральнымі. Больш увагі звяртаць на духоўныя, маральныя рэчы, чым на матэрыяльныя і фізіялагічныя. Бо мы усё ж такі людзі – вянец стварэння.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі