Кожная сёмая валізка пасажыраў губляецца ў аэрапортах

Еўрарадыё разбіралася, ці магчыма захаваць свае сумкі цэлымі і якая кампенсацыя вас чакае, калі багаж беззваротна згубяць
У аэрапортах Еўрасаюза штодня губляецца каля 12 тысяч валізак. Нешта вяртаецца да ўладальнікаў, а нешта — не вяртаецца ніколі.

Паводле слоў Антоніа Таджані, еўракамісара па транспарце, на кожную тысячу пасажыраў прыпадае аж 140 згубленых багажоў. З іх пэўная частка не вяртаецца ўладальнікам.
Ахвярамі пералётаў сталі і многія беларусы. Напрыклад, вядомы юрыст Алег Гулак, прыляцеўшы ў Мінск з Парыжу, жыў без асабістых рэчаў цэлы тыдзень. Столькі часу юрыст не мог дачакацца свайго багажу.
 
“Мы прыляцелі ў Мінск, і тут багажу не было, — распавядае Алег Гулак. — Афармляў прэтэнзію ўжо тут. Але загружаў тавар не наш аэрапорт, а ці французы, ці палякі”.

“За тое, што знікаюць рэчы, адказная і авіякампанія, і аэрапорт. Збольшага грае ролю чалавечы фактар, — тлумачыць спецыяліст камерцыйнай службы “Белавіі” Вольга Багдановіч. — Напрыклад, дзесьці пераблыталі багажныя біркі, на якіх пазначаецца нумар рэйсу, дзесьці не так напісалі, дзесьці багаж пераблыталі. Верагоднасць таго, што вы можаце згубіць багаж, ёсць ва ўсіх сусветных аэрапортах, у тым ліку і ў нашых, нягледзячы на іх невялікі памер”.

Вядома, затрымліваецца і губляецца багаж і ў нашым Нацыянальным аэрапорце “Мінск”. Але афіцыйнай статыстыкі на гэты конт не вядзецца. Аднак паказчыкі гэтыя меншыя, чым у Заходняй Еўропе. Перш-наперш з-за таго, што нашыя аэрапорты абслугоўваюць параўнальна малую колькасць пасажыраў.  

“Калі аэрапорт Франкфурта, напрыклад, абслугоўвае за год каля 50 мільёнаў пасажыраў, то наш Нацыянальны аэрапорт “Мінск” абслугоўвае каля аднаго мільёна пасажыраў у год”, — тлумачыць Вольга Багдановіч.

Але калі ваш багаж безнадзейна страцяць у Беларусі, то яго вяртанне — гэта шлях на Галгофу ў цярновым вянку. Прыкладна пра гэта нас папярэдзіла ананімная крыніца ў Нацыянальным аэрапорце:

“Тая ж “Люфтганза” гарантуе кампенсацыю за страту багажу. Калі ты ляціш з імі і страціў валізку, то атрымаеш поўную кампенсацыю. У нас жа, пакуль жа ты напішаш скаргу, пакуль табе адкажуць, пакуль дакажаш, што не сам згубіў, то згубіш вельмі шмат часу. Гэта надзвычай бюракратычная працэдура, хоць багаж вярнуць магчыма. Але ў Еўропе ўсё значна лягчэй”.

Максімальная кампенсацыя за кожны страчаны кілаграм у нашым аэрапорце складае 20 долараў ЗША. Усё залежыць ад авіякампаніі. Калі вы, напрыклад, згубіце валізку ў нашым аэрапорце падчас вандроўкі ў Амстэрдам, то атрымаеце за яе не больш за 400 долараў (20 долараў памножыць на 20 максімальна дапушчаных кілаграмаў багажу). Як патлумачылі ў "Белавіі", выплаты не залежаць ад таго, што вы везлі ў валізцы — дыяманты ці папяровыя сурвэткі. Але калі ваш груз надзвычай каштоўны, можна яго застрахаваць. Багаж атрымае статус "багажу з заяўленым коштам", і кампенсацыя атрымаецца значна большай.    

Магчымая страта багажу — не адзіная праблема ў еўрапейскіх аэрапортах. Часта вашую валізку могуць зламаць ці пабіць падчас загрузак-перагрузак. Не раз такое здаралася са зборнай Беларусі па тайскім боксе, спартоўцы якой часта лётаюць самалётамі.  

“Здаралася, падчас пералётаў у валізках разбівалася і разлівалася пахучая тайская расцірка, — распавядае старэйшы трэнер зборнай Беларусі па тайскім боксе Дзмітрый Пясецкі. — У такіх выпадках на чамаданах павінны быць налепкі “Не кідаць — крохкае”. Іх трэба па-асабліваму афармляць. Калі ў цябе ў сумцы ляжыць старажытны бабулін сервіз, то проста так яго класці нельга. Калі багаж у цябе правільна аформлены, на ім стаяць лычкі, тады так. Сервіз можа прыехаць цэлым. Аднойчы мы заваявалі Кубак ува Францыі. У аэрапорце яго не дазволілі ўзяць у самалёт, а самі запакавалі і адправілі ў Беларусь як крохкую рэч”.

Выходзіць, ніхто з еўрапейскіх авіяпасажыраў сёння не застрахаваны ад затрымкі ці страты багажу. Гэта, хіба, адзін з істотных мінусаў авіяпадарожжаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі