Краіны Балтыі ўвялі візавыя санкцыі супраць Лукашэнкі і 29 беларускіх чыноўнікаў
Аляксандр Лукашэнка і падначаленыя 3 ліпеня 2020 года / Reuters
Аляксандру Лукашэнку і яшчэ 29 беларускім чыноўнікам забаронены ўезд у краіны Балтыі. На думку МЗС Літвы, Латвіі і Эстоніі, гэтыя людзі "сваімі асабістымі дзеяннямі арганізоўвалі фальсіфікацыі на прэзідэнцкіх выбарах і падтрымлівалі гвалтоўнае падаўленне мірных пратэстаў".
Акрамя кіраўніка Беларусі персонамі нон-грата абвешчаныя кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына і шэсць яе падначаленых, кіраўнік КДБ Валерый Вакульчык, кіраўнік СК Іван Наскевіч і тры яго намеснікі, міністр унутраных спраў Юрый Караеў і яго намеснікі — Барсукоў, Казакевіч, Назаранка і Хаменка, кіраўнік Савета бяспекі Андрэй Раўкоў, генпракурор Аляксандр Канюк, кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сяргеенка, памочнік па нацыянальнай бяспецы Віктар Лукашэнка, старшыня КДК Іван Церцель і іншыя.
Раніцай 31 жніўня таксама стала вядома, што запланаваны раней візіт Лукашэнкі ў Рыгу "немагчымы".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.