Красные Звёзды “За пределами понедельников”

Ад “Красных звёзд” заўсёды можна і варта чакаць нейкіх незвычайных паваротаў, алагічных крокаў і эксперыментаў. Пры гэтым гурт, у прынцыпе, не сыходзіць з даўно намацанага шляху і нават застаецца пры сваім пазнавальным гучанні. Але альбом “За пределами понедельников” — нешта з чымсьці. Уладзімір Селіванаў і кампанія пераплюнулі самі сябе і выдалі дыск, які літаральна ад першай песні выклікае абсалютна адмоўныя пачуцці і нежаданне прымаць такія змены ў музыкастварэнні.

Перабольшванне сінтэзатарных партый і вакальныя бэкі, якія адразу ж нагадваюць усю самую брыдотную рускамоўную папсу 1990-х, цяжкія гітары “ў лоб” ды філасофскі падтэкст лірыкі, летаўская манера спеву ды простыя рыфмы — кактэйль, які па сваіх характарыстыках вельмі нагадвае апамарфін. Узнікае абсалютна законнае пытанне: навошта “Красным звёздам”, якія нарэшце пачалі набіраць хуткасць, публіку, катацца па Расіі, вось так браць і знішчаць ўсё напрацаванае?

У музычным сэнсе можна адзначыць трэкі “Поезд дальше не идёт” і “Тринадцать”, якія ратуюць выключна перавага рокавасці над папсой ды блізасць да звыклых “Красных звёзд”, “Лёд” — хіба не адзіны трэк, дзе клавішы не выклікаюць агіды, ды “Перекрёсток”, якую можна лічыць самай удалай фарматнай песняй альбома. А вось прысутнасць на дыску трэкаў кшталту “Очередь” (такому штампаванаму тэксту можа пазайздросціць любы Ігар Крутой), “Настоящее” (значна лепш прагучала б у выкананні “Иванушки International” ці любога савецкага ВІА) ці “Русский” (асобны выпадак) увогуле застаецца па-за разуменнем.

Песня “Русский” увогуле патрапіла ў самы яблычак. Асабіста мне падаецца, што трэк — такі сарказм з паводзінаў ды светапогляду пэўнай часткі расіянаў. Вельмі хочацца ў гэта верыць! Але ў любым выпадку, час для выдання песні падабраны так удала, што абсалютна не здзіўлюся, калі яе ў сваіх мэтах скарыстаюць так званыя "аплчэнцы Данбаса". Тым больш, нешта падобнае мы ўжо праходзілі з хітом “Саня” гурта RockerJoker.

Што будзе з “Красными звёздами” далей, прадказаць не здольны ніхто. Шкада вось, што выслухаць назад альбом “За пределами понедельника” немагчыма.

  1. Трэк-ліст:
  2. Перекрёсток
  3. Русский
  4. Огонёк
  5. Любовь
  6. Лёд
  7. Настоящее
  8. Глория
  9. Очередь
  10. Тринадцать
  11. Поезд дальше не идёт
  12. В ноябре
  13.  
  14. Склад гурта:
  15. Уладзімір Селіванаў — вакал.
  16. Яўген Бялоў — вакал, гітара, сінтэтычныя інструменты.
  17. Дзяніс Юбко — бас-гітара.
  18. Аляксандр Фок — ударныя інструменты.
  19.  
  20. Музыка:
  21. Яўген Бялоў, апроч 5 і 10 — Уладзімір Селіванаў
  22.  
  23. Словы:
  24. Уладзімір Селіванаў і Яўген Бялоў, апроч 6 і 10 — Уладзімір Селіванаў
  25.  
  26. Удзел у запісе:
  27. Анастасія Суворава — вакал ("Русский", "Очередь")
  28. Яна Старцава — вакал ("Любовь")
  29. Хор у "Огонёк" — Яна Старцава, Ірына Растапчына, Алеўціна і Крысціна Кіпель
  30.  
  31. Запіс:
  32. Андрэй Акатаў на студыі "Осмос" (Мінск)
  33.  
  34. Запіс, звядзенне і майстарынг:
  35. Сяргей Бальшакоў і Дзяніс Юроўскі на студыі "Параметрика" (Масква, Расія)
  36.  
  37. Звядзенне і майстарынг:
  38. песня "Перекресток" — Алег Баранаў (Санкт-Пецярбург)

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі