Крычаў "Па-лі-ца-і!": версія студэнта, якому дацэнт МДЛУ паказаў фак
Студэнты МДЛУ 28 кастрычніка пачалі збіраць подпісы за звальненне дацэнта Валерыя Пішчыкава — таго самага, які паказваў сярэднія пальцы студэнтам. А рэктарат лінгвістычнага ўніверсітэта папрасіў даслаць поўнае відэа таго, што здарылася, і абяцае разабрацца.
Еўрарадыё паразмаўляла са студэнтам МДЛУ Іванам, які стаў непасрэдным удзельнікам канфлікту з Пішчыкавым.
"Па-лі-ца-і!"
У сацсетках сапраўды апублікавана няпоўнае відэа канфлікту з Пішчыкавым. Іван упэўнены, што менавіта таму некаторыя і заступаюцца за дацэнта. Аргументы "прыхільнікаў" выкладчыка зводзяцца да таго, што яго справакавалі, а Пішчыкаў быў вымушаны абараняцца.
Але Іван, з якім дацэнт і канфліктаваў, ацэньвае сітуацыю інакш.
— Усё пачалося з таго, што яшчэ на другім паверсе ён праходзіў міма нас і скандаваў “Па-лі-ца-і” падчас нашага “Да-лу-чай-ся”. Але на такія правакацыі ніхто не вядзецца. Ці мала людзей, якія крычаць нам нешта абразлівае... Мы ўжо прывыклі, — расказвае Іван.
Выкладчык “перайшоў межы”, калі пратэстоўцы заходзілі на чацвёрты паверх.
— Мы ўжо падняліся, а я ішоў спераду з плакатам. Я пачаў заходзіць у дзверы, калі ён выбег з паверха і вельмі моцна пхнуў мяне. Увогуле, ён выпхнуў мяне ад дзвярэй да самай лесвіцы, паўтара метра амаль, і паспрабаваў зачыніць дзверы. Гэта значыць, ён не хацеў пускаць нас на паверх. Я, вядома ж, ускіпеў, таму што адна рэч абзываць нас, але зусім іншае — чапаць мяне ці тым больш некуды штурхаць, — успамінае Іван.
Паводле яго слоў, Пішчыкаў крычаў студэнтам: "Правальвайце, гэта мой універсітэт, вы сюды не пройдзеце".
— Дык вось, я не разгубіўся і не стаў чакаць, пакуль ён зачыніць перад нашымі насамі дзверы на паверх, а пачаў адштурхоўваць яго на паверх, каб прайсці ў дзверы. І тут гэты ідыёт пачаў падымаць свае кулакі. Ну, ведаеце, паказваў, што ён гатовы ўдарыць. Тут я, вядома, ачмурэў і ўжо таксама пачаў крычаць: “Хто ты такі? Пайшоў нахер адсюль”. Але больш не напіраў, таму што не хацеў атрымаць па твары, — кажа суразмоўнік Еўрарадыё.
Не ўдарыў, але зачапіў твар
— І дарэчы, на тым жа відэа можна заўважыць кадр, калі ён мне ўсё ж зачапіў кулаком твар. Не ўдарыў, але было непрыемна, — прызнаецца Іван. — Потым я ўсё ж прапхнуўся на паверх міма яго. Ён пачаў крычаць, каб я правальваў адсюль, а я яму крыкнуў, што я іду ў прыбіральню. А ён мне: “Ідзі ў прыбіральню на іншым паверсе”. А я яму: “Не, я пайду на гэтым паверсе”. Ну а далей ёсць другое відэа, калі ўжо астатнія студэнты прайшлі на паверх [менавіта тады Пішчыкаў паказвае студэнтам сярэднія пальцы. — Еўрарадыё].
Дарэчы, там на паверсе і выкладчыца была. Я да яе звярнуўся, сказаў: “Вы лічыце нармальным тое, што вычварае ваш калега? Можа, дапаможаце нам?” Але яна глядзела на мяне як рыба. Мабыць, у шоку была. І проста сышла.
Сам Валерый Пішчыкаў і адміністрацыя МДЛУ сітуацыю не каментуюць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.