Крымінальную справу на эканаміста Паўла Данейку перадалі ў суд
Павел Данейка
Генпракуратура накіравала ў суд крымінальную справу на эканаміста Паўла Данейку. Яго вінавацяць у змове з мэтай захопу ўлады, удзеле ў экстрэмісцкім фармаванні і супрацьпраўных дзеяннях без ліцэнзіі.
Імя Данейкі ў прэс-рэлізе пракуратуры не называецца. Аднак гаворыцца, што справа расследавалася ў парадку спецвытворчасці. А ў інфармацыі Следчага камітэта праходзіў толькі адзн чалавек, абвінавачаны ў прадпрымальніцкай дзейнасці без ліцэнзіі, чыю справу расследавалі па спецвытворчасці. Гэта Павел Данейка.
Данейку вінавацяць у тым, што ў жніўні 2020 года ён увайшоў у склад Каардынацыйнай рады. Таксама яму ў віну ставяць дзейнасць бізнес-школы ІПМ (зачыненая ўладамі ў ліпені 2021-га). Маўляў, ён праводзіў адукацыйныя заняткі па дадатковай адукацыі і павышэнні кваліфікацыі кіроўных спецыялістаў і работнікаў пад выглядам кансалтынгавай дзейнасці. "Сума атрыманага злачынным шляхам даходу склала 200 тыс. рублёў", — заяўляюць у Генпракуратуры.
Сам Данейка апошнія гады жыве па-за межамі Беларусі, таму расследаванне па яго справе адбывалася завочна, такім жа будзе і суд.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.