Крымінальную справу пачалі на дачку журналіста Змітра Лупача

Святлана Лупач / Светлана Лупач / viciebskspring.org

Святлана Лупач / Светлана Лупач / viciebskspring.org

Пад пераслед у Беларусі трапіла дачка глыбоцкага журналіста Змітра Лупача, перадаюць праваабаронцы. Сам журналіст пакінуў краіну яшчэ ў 2021 годзе.

Святлану Лупач затрымалі на пачатку траўня амаль апоўначы. Дзяўчына адпачывала з сябрамі на Глыбоччыне. Прыехаўшы, міліцыянты затрымалі ўсю кампанію. Пазней адпусцілі ўсіх акрамя Святланы.

Суддзя Глыбоцкага суда Андрэй Тарасевіч 3 траўня асудзіў яе на 10 сутак, абвінаваціўшы ў распаўсюдзе так званых "экстрэмісцкіх матэрыялаў" у сацсетках. Потым яе яшчэ раз асудзілі па такім жа абвінавачанні, аштрафаваўшы на 925 рублёў (25 базавых велічыняў).

Потым дзяўчыну перавялі ў віцебскае СІЗА. Ёй інкрымінуюць артыкул 342 Крымінальнага кодэкса (групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Максімальнае пакаранне — чатыры гады пазбаўлення волі.

Напрыканцы ліпеня родныя разам з адвакатам Святланы спрабавалі аспрэчыць у абласным судзе яе затрыманне і ўзяцце пад варту. На закрытым пасяджэнні суддзя Першамайскага раёна Віцебска Алена Жук пакінула скаргу без задавальнення.

Пра справу мала вядома, бо з адваката ўзялі падпіску аб неразгалошванні. Аднак лісты ад Святланы часам даходзяць да сваякоў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі