Куды падзелася зброя “Белага легіёна”, якой беларусаў палохалі дзяржСМІ
Баевікоў і незаконнага ўзброенага фармавання ў нас няма, прыходзіць да высновы Следчы камітэт. І спыняе крымінальны пераслед фігурантаў справы “Белага легіёна”. Хоць і прызнае, што “дзеянні фігурантаў фармальна ўтрымліваюць прыкметы стварэння незаконнага фармавання”. А самі “легіянеры”, зноў жа фармальна, могуць называцца баевікамі, бо “прафесійная падрыхтоўка, якая праводзілася ў групе, можа быць кваліфікаваная як баявая падрыхтоўка”. Тым не менш, супакойваюць нас следчыя, “дзеянні абвінавачаных не валодаюць грамадскай небяспекай”.
А як жа знойдзеная ў іх зброя?!
Пераглядаем матэрыялы і сюжэты дзяржаўных СМІ ў пік выкрыцця змоўшчыкаў-баевікоў з “Белага легіёна”. Глядзім “эксклюзіў” на канале “Беларусь 1”, вобшук у кватэры Віктара Данілава. Гледачам са словамі “канфіскаваная стралковая зброя, гранаты, боепрыпасы”, дэманструюць раскладзеныя на падлозе аўтамат Калашнікава, драбавікі, карабіны, запалы, машынку для зарадкі магазіна…
“І гэта знайшлі ў кватэры толькі ў аднаго байца “Белага легіёна”. А які арсенал знойдуць ва ўсяго легіёна?” ― гучыць голас за кадрам.
Тую ж карцінку са зброяй з кватэры Данілава паказвае і “СТВ”. Голас за кадрам сурова канстатуе: “Арсенал сур’ёзны”.
“І гэта ўсяго толькі адно затрыманне. А што гэта ― “Белы легіён”, сотня ці батальён, напэўна, варта вырашаць тады, калі падлічаць увесь арсенал затрыманай багемы”, ― палохае СТВ.
Глядзім сюжэт па АНТ. Гледачам дэманструюць кадры “стралковай зброі” і папярэджваюць праз палітолага Вадзіма Баравіка, што “ў нашых суседзяў такія групоўкі адыгралі рашаючую ролю ў дзяржаўным перавароце”.
Нехта з “нячэсных” СМІ засумняваўся ў сур’ёзнасці знойдзенага “арсеналу” і намераў “баевікоў”? І “Беларусь 1”, галасамі вядучых цкуе “так званыя незалежныя СМІ” за іх кампанію па адбельванні затрыманых напярэдадні сяброў “Белага легіёна”.
Насамрэч, у “так званых незалежных СМІ” сумнеў быў адзін і галоўны: што паказаная зброя ― сапраўды баявая. І вось, крымінальны пераслед спынены. Які ж вынік экспертызы па канфіскаванай зброі?
Па словах кіраўніка прэс-службы Следчага камітэта Сяргея Кабаковіча, усё, што можна было сказаць па справе “Белага легіёна”, сказаў 30 лістапада старшыня СК Іван Наскевіч. Экспертыза зброі, хутчэй за ўсё, была, але вынікі яе ― у матэрыялах справы. Маўляў, пачнуць фігуранты са сваімі справамі знаёміцца і паведамяць, што там напісана. Не дае адказу наконт экспертызы і кіраўнік прэс-службы КДБ Дзмітрый Пабяржын ― перанакіроўвае ў СК.
Міраслаў Лазоўскі, былы кіраўнік “Белага легіёна” знаёміцца са сваёй справай яшчэ не пачаў. Ён увогуле пра спыненне крымінальнага пераследу даведаўся са СМІ. Хоць пераслед той, па словах Наскевіча, быў спынены яшчэ 27 лістапада. Адпаведна, нічога не ведае пра экспертызу “знойдзенага” ў багажніку яго машыны аўтамата.
Лазоўскі: “Было такое, што з багажніка маёй машыны вымаўся нейкі прадмет, падобны да аўтамата, але вынікі экспертызы дагэтуль я не ведаю. Увогуле, было сказана, што паперы нейкія накіраваныя мне. Але пакуль я не атрымаў ніякіх папер і, адпаведна, іх не чытаў”.
Тут цікавае тое, што вобшук у машыне Міраслава Лазоўскага, па яго словах, праводзіўся на наступны пасля затрымання дзень. Былы кіраўнік “Белага легіёна” адразу заявіў, што знойдзеная ў машыне зброя яму не належыць.
Лазоўскі: “Мяне моцна здзівіла, што ў маёй машыне ёсць тое, чаго я туды не клаў”.
Кажа, цікава будзе даведацца, ці фігуруе гэты “прадмет” у матэрыялах справы і ў якой якасці?
Не знаёмілі з вынікамі экспертызы, па яго словах, і галоўнага героя згаданых сюжэтаў дзяржаўных тэлеканалаў Віктара Данілава. Сам ён размаўляць на тэму зброі адмаўляецца. Але толькі таму, што пакуль справа канчаткова не закрытая ён знаходзіцца пад падпіскай аб неразгалошванні.
Тым не менш, ужо вядома, што нікога з фігурантаў справы “Белага легіёна” не абвінавацілі ў незаконным захоўванні агнястрэльнай зброі. А гэта азначае, што зброя тая на самой справе зброяй і не была, альбо, што яна не належала тым, каму гэта дзяржсмі прыпісалі.
Што далей, ці вернуць тую не-зброю яе гаспадарам пасля закрыцця справы? Прадстаўнік СК адказу на гэта пытанне не дае, як і яго калега з КДБ. А Міраслаў Лазоўскі з цікаўнасцю чакае, ці вернуць яму той нібыта аўтамат, які яму не належыць.