Курапаты: будоўля спыненая, забудоўшчыкі не ведалі, што там былі ахоўныя зоны

Курапаты: будоўля спыненая, забудоўшчыкі не ведалі, што там былі ахоўныя зоны

Кампанія “Белрэканструкцыя” адмаўляецца будаваць каля Курапат бізнес-цэнтр. Гэта рэакцыя на пратэсты каля будоўлі. 2 сакавіка адбылася сустрэча кіраўніцтва кампаніі, Ігара Анішчанкі і Сяргея Несцерава, з актывістамі Змітром Дашкевічам і Антонам Матолькам. Да чаго дамовіліся, у эфіры Еўрарадыё распавядае блогер Антон Матолька.

Слухаць размову цалкам можна тут:

Еўрарадыё: Для вас было нечакана, што забудоўшчык вырашыў спыніць гэтую будоўлю?

Антон Матолька: Яны прынялі такое рашэнне яшчэ да нашай сустрэчы. Гэта рэакцыя на прымацаванне сябе кайданкамі да МАЗа, рэакцыя на супрацьстаянне. Кавалак зямлі быў выкуплены на аўкцыёне, атрыманыя былі ўсе подпісы. Па сённяшніх законах, яны мелі права там будаваць. Таму пытанне трэба задаваць Мінгарвыканкаму, як атрымалася такая сітуацыя.

Еўрарадыё: І не задумваліся, што там ахоўныя межы мемарыяла былі?

Антон Матолька: Ігар Анішчанка не раз паўтараў, што не мог уявіць, што там нешта можа быць, што там зона, якая выклікае сумневы. Мяркуючы па сустрэчы, яны і блізка не разумелі, што там можа быць нейкая праблема з ахоўнымі зонамі.

Еўрарадыё: Спыніць будаўніцтва ― гэта толькі рашэнне кампаніі, чыноўнікі тут ні пры чым?

Антон Матолька: Так. Яны пачалі вывозіць тэхніку яшчэ да рашэння Мінгарвыканкама. Сёння з раніцы пачалі вывозіць бытоўкі. Пакрысе адтуль вывозяць тое, што неабходна для будаўніцтва. Мы ўбачылі добры прыклад, што бізнес можа лічыцца з людзьмі. Мы можам дзякаваць і пратэстоўцам са Змітром Дашкевічам і забудоўшчыку, што зноў паднялася тэма сталінскіх рэпрэсій, рэпрэсій наогул. Прыватны забудоўшчык сышоў, але цяпер трэба працаваць з заканадаўствам і чыноўнікамі. Трэба не дапусціць іншых забудоў там, і разабрацца, чаму былі зменшаныя зоны аховы.

Еўрарадыё: А пратэстоўцы збіраюцца здымаць лагер?

Антон Матолька: Пакуль усё застаецца па-ранейшаму. Заўтра будзе вялікая сустрэча з мясцовымі жыхарамі, якім неабыякавая тэма Курапат і сталінскіх рэпрэсій.

Еўрарадыё: Ці сапраўды кампанія і помнік у Курапатах збіраецца прафінансаваць?

Антон Матолька: Ігар Анішчанка гатовы да ўдзелу ў стварэнні мемарыяла, пра які казалі ў тым ліку на круглым стале ў газеце “СБ: Беларусь сёння”. Ён гатовы падтрымаць добраўпарадкаванне Курапат. Праблема гэтай ўсёй гісторыі ў адсутнасці сувязі паміж пратэстоўцамі і кіраўніцтвам кампаніі.

Еўрарадыё: Ігар Анішчанка не казаў пра страты кампаніі?

Антон Матолька: Ён казаў, гэта пяцізначная сума ў доларах, але няхай ён яе лепш сам агучыць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі