Кыргызскі дэпутат: Верагодна, наш прэзідэнт не паехаў у Мінск з-за Бакіева

Даведка: Жоомарт Сапарбаеў — намеснік старшыні Камітэта па міжнародных справах парламента Кыргызстана, сябра дэпутацкай фракцыі “Ата Мекен”.

Еўрарадыё: Адносіны паміж нашымі краінамі і так напружаныя з-за адмовы выдаваць Кыргызстану былога прэзідэнта Курманбека Бакіева, а цяпер ваш дзеючы кіраўнік краіны адмовіўся ехаць у Мінск, дзе праходзяць пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаваў і Савета кіраўнікоў дзяржаваў СНД. Гэта не пагоршыць яшчэ больш адносіны паміж Мінскам і Бішкекам?

Жоомарт Сапарбаеў: Мяркую, што ў прынцыповым плане гэта не павінна паўплываць на адносіны паміж нашымі краінамі. Я не ведаю сапраўднай прычыны таго, чаму Алмазбек Шаршэнавіч (прэзідэнт Кыргызстана Алмазбек Атамбаеў — Еўрарадыё) не паехаў у Мінск. Але, улічваючы тое, што нашы краіны цягам 70 гадоў мелі, у пэўным сэнсе, агульную гісторыю і тое, што мы сёння маем якія-ніякія, але эканамічныя ўзаемаадносіны, то яны павінны і далей развівацца, нягледзячы на часовыя палітычныя непаразуменні.

 

Еўрарадыё: Але да якой ступені яны моцныя, гэтыя палітычныя непаразуменні?

Жоомарт Сапарбаеў: Я б не сказаў, што яны асабліва моцныя, таму і падкрэсліў — часовыя. Маю на ўвазе знаходжанне беглага прэзідэнта Курманбека Бакіева ў Мінску. А таксама пазіцыю афіцыйнага Мінска наконт яго знаходжання на тэрыторыі Беларусі.

Еўрарадыё: Магчыма, менавіта гэты факт і тое, што падчас нядаўняй прэс-канферэнцыі беларускі кіраўнік выказаў здзіўленне з нагоды таго, што Бакіевым і яго экстрадыцыяй працягваюць цікавіцца, і стала прычынай адмовы прыехаць у Мінск Алмазбека Атамбаева?

Жоомарт Сапарбаеў: Я таксама мяркую, што менавіта гэта і магло стаць прычынай адмовы. Хоць сцвярджаць дакладна і не бяруся. Але тое, што заявіў спадар Лукашэнка адносна Бакіева, для нас гэта вельмі важнае пытанне. Бо з Бакіевым, яго сям’ёй, яго дзейнасцю звязаныя вялікія злачынствы на тэрыторыі Кыргызстана. Вялізныя парушэнні закона, парушэнні правоў чалавека. Менавіта таму мы не можам проста так закрыць вочы на гэтага чалавека (Курманбека Бакіева. — Еўрарадыё) і на тое, што ён рабіў на тэрыторыі Кыргызстана цягам 5 гадоў, пакуль быў прэзідэнтам.

Еўрарадыё: Ці будуць дэпутаты цікавіцца ў прэзідэнта прычынамі, па якіх ён адмовіўся ехаць у Мінск?

Жоомарт Сапарбаеў: Мяркую, што пытанне гэта будзе ўзнімацца ў той ці іншай ступені. Прынамсі, калі будуць абмяркоўвацца пытанні, звязаныя з нашай міжнароднай палітыкай. Усё ж такі, у нас цяпер значна больш дэмакратыі: пасля таго, як Бакіеў уцёк з краіны, мы здолелі перайсці на іншую сістэму, дзе парламент іграе вялікую ролю.

Еўрарадыё: Палітыкі любяць казаць, што кантакты падтрымліваць і весці дыялог неабходна нягледзячы ні на якія супярэчнасці. Магчыма, калі ваш прэзідэнт паехаў у Мінск, то падчас сустрэчы з Лукашэнкам ён здолеў бы кулуарна вырашыць пытанне Бакіева?

Жоомарт Сапарбаеў: Я думаю, што сапраўды, можна гэта пытанне вырашыць і ў такім рэчышчы. І я думаю, што рана ці позна, але гэта пытанне будзе абмяркоўвацца са спадаром Лукашэнкам. А таксама думаю, што рана ці позна, але кыргызскі і беларускі бакі прыйдуць да пагаднення наконт лёсу беглага прэзідэнта Бакіева.

Еўрарадыё: Як на іміджы Кыргызстана адаб’ецца той факт, што на сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў ад вас паехаў другі чалавек у краіне?

Жоомарт Сапарбаеў: У сувязі з гэтым мерапрыемствам я не стаў бы гаварыць пра імідж нашай краіны. Я думаю, што некалі наш прэзідэнт абавязкова наведае Беларусь. Хаця б таму, што паміж нашымі краінамі ёсць пэўныя эканамічныя адносіны, нашы краіны знаходзяцца на адной палітычнай прасторы. Усе непаразуменні з часам будуць вырашаныя. Я не думаю, што адмова паехаць у Мінск нашага прэзідэнта негатыўна адаб’ецца на іміджы Кыргызстана. А па Бакіеве, я лічу, неабходна паказваць сваю прынцыповую пазіцыю. Але рабіць гэта ў межах дыпламатыі і дыпламатычных перамоў. Я вельмі спадзяюся, што беларускі бок усё ж прыслухаецца да нашых просьбаў. Бо, паўтаруся, Бакіеў і яго сям’я здзяйснялі тут вялікія злачынствы. Былі вялікія складанасці з правамі чалавека. Ёсць факты палітычных забойстваў, з якімі непасрэдна звязваюць сям’ю Бакіева і асабіста яго малодшага брата. Беларускі бок павінен зразумець нашу сітуацыю.

Еўрарадыё: Праўда, кіраўнік Беларусі казаў, што супраць Бакіева ў Кыргызстане арганізаванае не крымінальнае, а палітычнае пераследванне…

Жоомарт Сапарбаеў: Я не буду каментаваць словы спадара Лукашэнкі. Пры ўсёй павазе, але наша Генпракуратура вядзе расследаванне ў дачыненні Бакіева. І спраў можа быць шмат: гэта і эканамічныя справы, і крымінальныя — па забойствах, і па парушэннях заканадаўства Кыргызстана і Канстытуцыі. Пакуль Генпракуратура працуе, але спадзяюся, што з часам яна прадставіць усе неабходныя дакументы і доказы на карысць крымінальнага пераследавання Бакіева.

Еўрарадыё: Ці ёсць у следчых, грамадскасці Кыргызстана звесткі пра тое, якую суму здолеў вывезці з краіны Бакіеў, колькі, можа, у яго было на замежных рахунках?

Жоомарт Сапарбаеў: Тут трэба падзяляць Бакіевых на Курманбека Бакіева, яго братоў і яго сына Максіма. Наколькі вядома, большую частку грошай, вывезеных сям’ёй з Кыргызстана менавіта Максім забраў сабе. Называюцца розныя сумы, але найбольш праўдападобна, што Максім каля 3 мільярдаў долараў забраў з Кыргызстана — скраў у краіны. Колькі сам Курманбек Бакіеў забраў, я не ведаю. Але ў любым выпадку, пераважная большасць гэтых грошай належыць народу Кыргызстана, бюджэту краіны. І яны нанеслі велізарныя страты эканоміцы краіны.

Фота: www.focus.kg, www.for.kg

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі