Латушка адказаў паслу Мезенцаву, які параўнаў КР з "клубам філатэлістаў"
Павел Латушка / Еўрарадыё
Выклікае шкадаванне, што расійскі дыпламат не бачыць неабходнасці мець зносіны з людзьмі з іншым пунктам гледжання, а таксама тое, што Масква так і не выказалася з нагоды гвалту ў дачыненні да мірных дэманстрантаў у Беларусі. Так кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка пракаментаваў выказванні расійскага амбасадара ў Беларусі Дзмітрыя Мезенцава.
Мезенцаў на днях расказаў, што прадстаўнікі Каардынацыйнай рады звярталіся да яго з просьбай аб сустрэчы. Але ў сустрэчы ім было адмоўлена. Галоўны аргумент амбасадара — гэтых людзей ніхто не выбіраў. Пры гэтым ён параўнаў Каардынацыйную раду з клубам па інтарэсах.
"Калі амбасадар Расіі кажа, што мы клуб фанатаў, хай мы заўзятары, але мы заўзеем за беларускі народ. Нагадаю, што Каардынацыйная рада атрымала падтрымку больш за паўмільёна беларусаў на платформе "Голас". Так што КР, безумоўна, можа гаварыць ад імя грамадства. А вось Лукашэнка, які сваёй рукой намаляваў сабе 80%, не можа", — сказаў Латушка ў інтэрв'ю тэлеканалу "Белсат".
Каардынацыйная рада пры Святлане Ціханоўскай была створаная 14 жніўня — для трансферу ўлады. Аднак у цяперашні час члены прэзідыума Рады знаходзяцца або за межамі Беларусі, або за кратамі. Сама Ціханоўская неаднаразова казала, што настроена на дыялог з Масквой. Прадстаўнікі яе каманды спрабавалі гэты дыялог пачаць, але кантакту не атрымалася. У інтэрв'ю Дзмітрыю Гардону ў лютым Ціханоўская прызналася, што змяніла сваё стаўленне да прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна.
"Тое, што Пуцін падтрымаў Лукашэнку і падтрымаў гвалт над беларусамі, сапсавала маё ўражанне пра яго", — сказала яна. Пры гэтым Ціханоўская падкрэсліла, што разрознівае расійцаў і іх кіраўніцтва.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.