Лідзія Ярмошына расказала, як з'ездзіла ў Парыж
Лідзія Ярмошына ажыццявіла сваю даўнюю мару і наведала Парыж. Зрабіць гэта ёй удалося дзякуючы таму, што Еўрасаюз прыпыніў санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў. У снежні 2015 года чыноўніца наведала Італію, а на навагодні адпачынак паехала ў сталіцы Францыі.
У каментары "Комсомольской правде" старшыня Цэнтрвыбаркаму заявіла, што ў сваім успрыманні Парыжа сталася ахвярай рэкламы: "Вядома, яго апела так шмат вялікіх людзей, ён зрабіўся калыскай такой колькасці прадстаўнікоў мастацтва, што гэта само па сабе стварыла яму нейкі адмысловы міф чагосьці асаблівага. Калі параўноўваць па турыстычных аб'ектах, то Парыж непараўнальны з Рымам. Рым — сапраўды вялікі горад з вялікай архітэктурай. А Парыж у XIX стагоддзі быў перакроены, што зрабіла яго зручным для жыцця. Былі знесеныя старыя дамы, пастаўленыя новыя. Але яны настолькі аднолькавыя, што я параўноўвала з 3-й вуліцай Будаўнікоў, але, вядома, вуліцай будаўнікоў XIX стагоддзя".
Ярмошына кажа, што ёй спадабаліся Луўр, замак Фантэнбло ў 60 км ад Парыжа і будынак Гранд-Апера ўсярэдзіне. У Луўры яна сфатаграфавалася каля слупа Хамурапі — першага зафіксавнага на пісьме зводу законаў. Акрамя таго, чыноўніца наведала паказ у славутым кабарэ "Мулен Руж", што каштавала ёй 117 еўра.
Рускія могілкі Сэнт-Жэнеўеў-дэ-Буа Ярмошына назвала "не вельмі цікавым аб'ектам", бо яны запушчаныя. Таксама не ўразіў яе Венсенскі замак.
У Парыжы старшыня ЦВК жыла ў цэнтры недалёка ад Эйфелевай вежы. Яе ўразілі высокія кошты: "Я была здзіўленая: вырабы беларускія значна лепшай якасці, а ўжо пра цану я наогул не кажу".
Фота: kp.by