Limp Bizkit: Эпічная лаянка ў Палацы Спорту
Амерыканскія рэп-металісты спелі ўсю праўду без цэнзуры. Цэнзура на англамоўныя тэксты ў Беларусі рэдка распаўсюджваецца.
Загадкавая краіна, Беларусь. То праваахоўныя органы арыштоўваюць журналістаў за вострыя артыкулы, але пад шыльдай правапарушэння “лаянка ў грамадскім месцы”, то тыя ж самыя органы з дазволу самога Міністэрства Культуры спакойна слухаюць, як адзін амерыканскі рэпер-металіст спявае са сцэны Палацу Спорту для 4 тысяч чалавек бясспрэчна крутую песню:
“Гэта я*ны свет і я*нае месца”, ўсіх судзяць па іх я*ных тварах, я*ныя мары, я*нае жыццё, я*ны хлопец з я*ным нажом, я*ныя мамы і я*ныя таты, гэты я*ны мент з я*ным бэджам, я*ная праца з я*най зарплатай, я*ны начальнік і я*ны боль, я*ная прэса, і я*ная хлусня... ці гэта не сорам, што ты не можаш сказаць “я*ць”? Я*ць — гэта ўсяго слова, і ўсё цалкам е*тня”.
І, самае дзіўнае, нікога гэта не абражае, парадак грамадскі не парушае. Як высветліла Еўрарадыё, пераважна таму, што мала хто ведае, пра што насамрэч спявае гурт. Нават тыя, чыя справа не “бдзець”, а падтрымліваць.
“Тэксты? Ніводнага не перакладаў, і нават не спрабую, навошта?” — кажа Еўрарадыё на пачатку канцэрту Limp Bizkit фанат з 10-гадовым стажам Сцяпан.
“А раптам ён дрэнна спявае пра вашу матулю?” — падказваем мы.
“Аха-ха-ха, ён з ёй не знаёмы!” — не хвалюецца Сцяпан і займае сваё месца ў коле будучай слэм-пляцоўкі — каб старанна павалтузіцца пад музло з “моцнай энергетыкай”.
Limp Bizkit пачынаюць адразу з забойных хітоў. Са сцэны гучаць Counterfeit, Show me what you got, Rоllin’, Bring it Back, Gold Cobra і вышэй узгаданая песня Hot Dog. На танцопле на рэдкасць дрэнны гук, але ўсім пофіг, і яны слэмяцца, на трыбунах — гук шыкоўны, таму там таксама танчаць. Вакаліст Фрэд Дзёрст — не такі жвавы, як быў тры гады таму на гэтай жа пляцоўцы, але не менш шчыры і шмат кантактуе з публікай. Словы “Спасіба”, “Мінск” і “Беларусь” разумеюць усе і шчасліва крычаць, але Еўрарадыё працягвае шукаць хоць каго-небудзь, хто зможа адказаць на пытанне “што за філасофію талкае гурт са сцэны?”.
“Калі я пачну вам расказваць, то матаў тут будзе больш, чым я магу прыдумаць”, —адмаўляецца перакладаць тэксты мокры ад слэму хлопец Влад.
“Limp Bizkit — гэта хэйтэры [ад ангійскага hate (ненавідзець) — заўвага Еўрарадыё на ўсялякі выпадак!], — ўсё ж тлумачыць нам Арсеній, недзе пятнаццаты апытаны Еўрарадыё фанат. — Лідар гурта Фрэд растусоўвае шмат тэм пра жыццё. Увогуле, я адчуваю, што тое, пра што ён спявае — гэта сённяшняе, актуальнае і вельмі мне блізкае, хоць я і не амерыканец. Я, напрыклад, ненавіджу людзей, асабліва быдла-падлеткаў, якія бухаюць па кутах і вядуць сябе непрыстойна. А песня "My Generation" — гэта дакладна і пра маё пакаленне”.
Песня, дарэчы, пра пакаленне, якое плыве па лужы лайна на "Тытаніку", якім кіруе п’яны капітан.
Самы вядомы “бісквітны” хіт спяваюць, нарэшце, усёй залай. Вельмі прыгожа. Фрэд расчульваецца. Гэта песня "Behind blue eyes". Пра тое, як ніхто не ведае, як гэта, “быць дрэнным чалавекам, якога ўсе ненавідзяць, і які вымушаны заўсёды хлусіць”.
Напрыканцы — “цяжаляк”, за які гурт так любяць. "Take a look around", "Break stuff". А, яшчэ дзве песні — ад Курта Кабэйна.
“І ведаеце што? Пасля такіх канцэртаў адзін пазітыў застаецца — адкрывае ісціну фанат Марк. — Ты выплёскваеш усю сваю нянавісць на гэтым канцэрце, усе эмоцыі, злосць, якая назапашваецца гадамі, проста вызваляешся ад гэтага, і становішся чыстым”.
І вось ён, рэцэпт, як жыць, калі незадаволены тым, што адбываецца навокал. Трэба проста пачакаць, калі да нас завітаюць яшчэ якія злосныя амерыканцы і зробяць псіхалагічную разрадку хаця б англамоўным праўдарубствам.
Больш фота з канцэрта Limp Bizkit у Фэйсбуку Еўрарадыё.