Лукашэнка: 400 тысяч мусяць быць уцягнутыя ў працу імем рэвалюцыі

Аляксандр Лукашэнка абурыўся наяўнасцю непрацуючых грамадзян. "Як мне дакладваюць, каля 500 тысяч нашых грамадзян не задзейнічаныя ў эканоміцы краіны. Няхай 100 тысяч — гэта хатнія гаспадыні і тыя, хто працуе на ўласным падворку. А 400 тысяч чым займаюцца? За чый кошт жывуць?" — перадае БЕЛТА словы кіраўніка дзяржавы. 

Асобна Лукашэнка закрануў праблему з асобамі, абавязанымі працаваць для кампенсацыі дзяржаве выдаткаў па ўтрыманні дзяцей. Па яго словах, гэтых нядбайных бацькоў адпраўляюць працаваць у сістмэу ЖКГ. "Работнікі ЖКГ мучацца і пастаянна скардзяцца: то на працу не ходзяць, даводзіцца міліцыі іх за руку вадзіць, то яшчэ куды-небудзь што-небудзь. Чаму далей не робім крокі? Калі ён працаўладкаваны, абавязаны працаваць і не працуе, чаму мы далей не прымаем меры?" — раскрытыкаваў Лукашэнка. 

Па яго словах, гэтыя і іншыя ўтрыманцы карыстаюцца ўсімі выгодамі дзяржавы, атрымліваюць бясплатную адукацыю, медыцынскае абслугоўванне, аплачваюць паслугі ЖКГ па даціраваных дзяржавай тарыфах. 

"Прыйшоў час спыняць гэта ўтрыманства, 400 тысяч мусяць быць уцягнутыя імем рэвалюцыі ў працу. Лайдакоў не павінна быць у краіне. Трэба прымусіць гэтых людзей працаваць і спыніць раздаваць бясплатна даброты тым, хто не працуе", — падкрэсліў Лукашэнка. 

Лукашэнка даручыў да канца года падрыхтаваць адпаведныя прапановы кіраўніку Адміністрацыі Андрэю Кабякову і дзяржаўнаму сакратару Савета бяспекі Аляксандру Мяжуеву. 

Фота — БЕЛТА

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі