Лукашэнка абураны, што ў цэнтры анкалогіі чакаюць аперацый "па 2-3 месяцы"
Аляксандр Лукашэнка абураны, што ў цэнтры анкалогіі людзі чакаюць аперацый "па 2-3 месяцы". Пра гэта ён заявіў у сераду падчас наведвання Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя Аляксандрава пад Мінскам.
"Ці ж гэта парадак, што па два-тры месяцы людзі стаяць у чарзе, і празрыстасці ў чарзе няма?", — цытуе словы Лукашэнкі БЕЛТА.
Па словах кіраўніка дзяржавы, праблему выявілі кантралёры, якія нядаўна наведвалі цэнтр і размаўлялі з медперсаналам ды з пацыентамі. Аляксандр Лукашэнка даручыў з ёй разабрацца.
"Я прызвычаіўся да дакладаў і рапартаў чыноўнікаў, а пасля аказваецца зусім інакш, — гаварыў Лукашэнка. — Я абсалютна не веру, што тут няма праблем". Ён папярэдзіў, што за карупцыю ў медыцыне даравання не будзе.
Таксама кіраўнік дзяржавы загадаў забяспечыць лекараў сучасным абсталяваннем.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.