Лукашэнка адчытаў чыноўнікаў: Запалкі трэба хаваць ад іх, каб не спалілі краіну
Лукашенко встречается с активом Минской области / president.gov.by
Сустракаючыся ў Салігорску з "актывам Мінскай вобласці", Аляксандр Лукашэнка зноў адчытаў чыноўнікаў. 24 чэрвеня, калі ён паляцеў на парад у Маскву, траціна Мінска засталася без пітной вады.
"Прыляцеў, а ўжо ў абед чую: з вадой у Мінску нешта не так. Ну, думаю, дакладна: як дзяцей! Запалкі трэба хаваць ад іх, каб не спалілі краіну! — распякае ён кіраўніцтва сталіцы. — Я кажу: "Будзеце піць гэтую ваду цяпер самі. Усе чыноўнікі Мінска. Будзеце піць гэтую і варыць сабе ежу. — "Аляксандр Рыгоравіч, да раніцы ўсё расчысцім!"
Гэты дыялог адбыўся 24 чэрвеня. Далей Лукашэнка распавядае, што праблема была вырашаная ўжо на наступны дзень. Аднак абвесткі пра тое, што ваду можна піць, з'явіліся на пад'ездах мінскіх дамоў толькі праз тры з паловай дні пасля забруджвання — увечары 27 чэрвеня. І то многія жыхары Маскоўскага і Фрунзенскага раёнаў да гэтага часу скардзяцца на непрыемны пах ад вады.
У слухачоў можа стварыцца ўражанне, што чыноўнікі вінаватыя, а Лукашэнка не мае да забруджвання вады ніякага дачынення. Наадварот — толькі пасля яго ўмяшання праблема вырашылася. Аднак супернік дзейнага кіраўніка Беларусі Валерый Цапкала лічыць, што такія надзвычайныя сітуацыі — гэта добры тэст на тое, наколькі дзяржава ўвогуле арганізаваная і гатовая дапамагаць людзям. У цяперашнім жа выпадку праблема не вырашалася некалькі дзён, і людзі вымушаныя былі самаарганізавацца, каб забяспечыць вадой тых, хто не мог дабрацца да яе сам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.