Лукашэнка баіцца сепаратызму і пратэстаў у прыграніччы?

Лукашэнка баіцца сепаратызму і пратэстаў у прыграніччы?

Яшчэ не паспелі сціхнуць размовы пасля заяў Аляксандра Лукашэнкі пра ўмацаванне мяжы з Украінай і кантрабанду зброі ў Беларусь, як пад яго ўказам выходзіць канцэпцыя новай пагранічнай бяспекі Беларусі да 2022 года. Пра што ў ёй гаворыцца?

Больш за ўсё ўвагу прыцягвае пункт аб тым, што адной з асноўных пагроз для памежнай бяспекі Беларусі называецца "фарміраванне сярод насельніцтва прыгранічных тэрыторый антыканстытуцыйных настрояў, заснаваных на сепаратысцкіх ідэях; а таксама дзеянні, накіраваныя на практычную рэалізацыю такіх ідэй".

Сепаратысцкія настроі — мабыць, адзін з асноўных страхаў беларускіх уладаў, пасля пачатку вайны на паўднёвым усходзе Украіны. Аднак непаслядоўнасць у гэтым пытанні можа выйсці для Беларусі бокам. Спачатку мы праводзім ваенныя вучэнні па абясшкоджванні сепаратысцкіх груп і рухаў, а потым, кіраўнік краіны называе Магілёў "горадам больш рускім, чым беларускім".

Асобна выдзяляюцца магчымыя міжэтнічныя і міжканфесійныя канфлікты, а таксама павышэнне пратэстнай актыўнасці насельніцтва на прыгранічнай тэрыторыі да крайняй формы — масавых беспарадкаў з незаконным перасячэннем дзяржмяжы.

А вось спіс асноўных знешніх пагранічных небяспек для Беларусі:

— узмацненне міграцыйных патокаў і павелічэнне колькасці каналаў незаконнай міграцыі праз тэрыторыю Беларусі;

— рост крымінальнай актыўнасці на прымежнай тэрыторыі сумежных дзяржаў;

— выкарыстанне тэрыторыі Рэспублікі Беларусь для транзітнага руху асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай і іншай экстрэмісцкай дзейнасці, незаконных узброеных фармаванняў, міжнародных злачынных груп, а таксама незаконнага перамяшчэння сродкаў здзяйснення актаў тэрарызму і іншай супрацьпраўнай дзейнасці;

— мілітарызацыя прыгранічных тэрыторый сумежных дзяржаў;

— зацягванне або спыненне сумежнымі дзяржавамі працэдур міжнародна-прававога афармлення дзяржаўнай мяжы;

— распаўсюджванне інфармацыі (поглядаў, меркаванняў), якая ставіць пад сумнеў законнасць (правільнасць) праходжання Дзяржаўнай граніцы і дыскрэдытуе дзейнасць па яе ахове;

— павелічэнне колькасці спроб незаконнага ўвозу ў Рэспубліку Беларусь наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў, зброі і боепрыпасаў (іх кампанентаў), а таксама партый гэтых тавараў.

Акрамя гэтага, у Канцэпцыі сказана, што "сучасныя тэндэнцыі развіцця пагранічнай прасторы сведчаць аб павышэнні актыўнасці працэсаў, якія фарміруюць трансгранічныя небяспекі для нацыянальных інтарэсаў".

Сярод такіх тэндэнцый — захаванне напружанасці ў крызісных рэгіёнах свету, геапалітычнае становішча Беларусі, а таксама асаблівасці цэнаўтварэння і сацыяльна-эканамічнай абстаноўкі як у Беларусі, так і ў сумежных дзяржавах.

У той жа час, у канцэпцыі сцвярджаецца, што ў Беларусі створаны ўсе неабходныя ўмовы для выяўлення, нейтралізацыі і мінімізацыі рызык, выклікаў і пагроз памежнай бяспекі.

Больш за тое, ужо "забяспечаны бесканфліктны характар ​​адносін з сумежнымі дзяржавамі па пагранічных пытаннях". Гэта значыць, нібыта ўсё добра і характар ​​адносін бесканфліктны, але, хто яго ведае, што там суседзям у галаву стрэльне.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі