Лукашэнка: беларусам трэба будзе замест газу і нафты карыстацца электрычнасцю
У аўторак, 26 красавіка, Аляксандр Лукашэнка наведаў Ельскі раён, сустрэўся з мясцовымі жыхарамі ды выказаўся на актуальныя тэмы. Паводле яго слоў, пасля пачатку функцыянавання Астравецкай АЭС у краіне будзе лішак электраэнергіі, які неабходна выкарыстоўваць.
"Купіць у нас гэтую электраэнергію наўрад ці змогуць суседзі, — цытуе словы Лукашэнкі БЕЛТА. — У Расіі таксама празмернасць, ва Украіне электраэнергіі хапае. У Еўропе свая электраэнергія. То бок, гэта тавар, ідзе канкурэнцыя. Яе прадаць будзе цяжка".
Таму, на думку Аляксандра Лукашэнкі, беларусам ужо сёння трэба рыхтавацца да таго, "каб замест газу, нафты выкарыстоўваць электрычнасць". Ён адзначыў, што задача стаіць не зрабіць электраэнергію больш таннай, а захаваць цяперашні ўзровень цэнаў. У выніку, калі газ і нафта пачнуць даражэць, кошты на электраэнергію будуць значна ніжэйшымі, падкрэсліў кіраўнік Беларусі.
Лукашэнка лічыць, што ўжо цяпер неабходна пры ўводзе ў строй жылля, новых аб'ектаў прадугледжваць больш шырокае выкарыстанне электраэнергіі. "Калі вы ўбачыце, што электрычнасць будзе больш выгаднай, чым газ, вы самі купіце электрычную пліту", — сказаў кіраўнік дзяржавы людзям. Таксама ён распавёў ім пра "яшчэ адзін перспектыўны напрамак — развіццё сегменту электрамабіляў".