Лукашэнка: Без удзелу ЗША ўкраінскую праблему вырашыць не атрымаецца
Украінскую праблему немагчыма вырашыць без удзелу ЗША. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 8 кастрычніка на міжнародным форуме "Мінскі дыялог".
"Мы, еўрапейцы і нееўрапейцы, сабраліся тут вырашаць праблемы бяспекі. Вось вам тэст: нам трэба вырашыць праблему канфлікту на ўсходзе Украіны. калі нехта думае, што рашэнні "нармандскай чацвёркі", так званага "нармадскага фармату", — лёд крануўся, то гэта не так. Я свайго меркавання не хаваю: без удзелу ЗША той канфлікт вырашыць не атрымаецца", — заявіў кіраўнік Беларусі.
Ён дадаў, што ўкраінскі канфлікт закрануў і нашу дзяржаву: "160 тысяч уцекачоў, якія ўцяклі ад вайны да нас і якім мы цягам дня прадаставілі роўныя правы з беларусамі".
Лукашэнка падкрэсліў, што ва ўзброеным канфлікце ўдзельнічаюць Украіна і Расія: "Што тычыцца Беларусі, то мы не ірвемся ні ў пасярэднікі, ні ў Міратворцы. Калі Украіна і Расія дамовяцца, то мы гатовыя дапамагчы. Не трэба тут казаць, што гэта не канфлікт Расіі і Украіны — тут сабраліся дасведчаныя людзі, і не трэба тут нешта даказваць".
Нагадаем, што на нядаўняй сустрэчы з украінскімі журанлістамі Лукашэнка прапаноўваў увесці беларускіх міратворцаў на Данбас.