Лукашэнка: генераваць новыя ідэі, укараняць ноу-хау і не наракаць на надвор'е

Лукашэнка: генераваць новыя ідэі, укараняць ноу-хау і не наракаць на надвор'е

2 красавіка Аляксандр Лукашэнка правёў нараду, прысвечаную пытанням рэгіянальнага развіцця. На ёй прысутнічалі кіраўнікі ўраду, парламента, Адміністрацыі прэзідэнта, кіраўнікі абласцей і сталіцы. Лукашэнка нагадаў, што на сённяшні дзень стаіць задача забяспечыць рэалізацыю ранейшых рашэнняў, накіраваных на паскарэнне развіцця рэгіёнаў. Мэта — дасягненне годнага ўзроўню і якасці жыцця грамадзян. А для гэтага трэба ствараць "працоўныя месцы з годным узроўнем зарплаты". А цяпер у асноўным ствараюцца працоўныя месцы, якія не адносяцца да высокапрадукцыйных і прадугледжваюць нізкую кваліфікацыю работнікаў і невысокі ўзровень заробку. І Лукашэнка заклікае гэтую сітуацыю змяніць.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што летась у рэгіёнах "асноўныя паказчыкі эфектыўнасці правалены", а сёлета не ўсе кіраўнікі абласцей забяспечваюць выкананне пастаўленых задач. Значная частка прадпрыемстваў па-ранейшаму працуе са стратамі, няма сістэмнай працы з інвестарамі.

"Усе рэгіёны падпісалі пагадненне з кітайскімі правінцыямі і гарадамі, цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі яго прэс-служба. — Многія кіраўнікі неаднаразова бывалі ў гэтай краіне. Дзе праекты і інвестыцыі?",

Але ёсць і іншая праблема — аддача ад наяўных інвестпраектаў нізкая. "Як я падкрэсліваў, нам не патрэбныя інвестыцыі дзеля інвестыцый, — гаварыў на нарадзе кіраўнік дзяржавы. — Патрэбны вытворчасці заўтрашняга дня, новыя тавары і тэхналогіі. Патрэбна разыначка на кожным прадпрыемстве. Варта генераваць новыя ідэі, укараняць ноу-хау, выпускаць запатрабаваную на рынку прадукцыю".

Лукашэнка папярэдзіў кіраўнікоў абласцей, што ў пасяўной кампаніі "правалаў... быць не павінна". А праблемы ўжо ёсць, рэгіёны "кепска падрыхтаваныя да гэтай кампаніі". "Хопіць усе свае пралікі спісваць на надвор'е", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі