Лукашэнка: калі мы не гатовыя, давайце размаўляць пра ЕЭС праз 10 гадоў

Пра гэта сёння заявіў Аляксандр Лукашэнка на паседжанні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савету на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў у вузкім складзе, перадае БЕЛТА.



“Да падпісання дамовы застаецца зусім мала часу. Узнікае пытанне: з чым мы прыйдзем да саюзу?” — сказаў беларускі лідар.


Лукашэнка адзначыў, што сёння ўжо сфармавалася кола пытанняў, па якім меркаванні бакоў разыходзяцца, і пералік гэтых пытанняў насцярожвае. “Таму мы і сабраліся, каб іх зняць, вырашыць”, — сказаў ён.



“Нам прапануюць сёння пакінуць нявырашанымі тыя праблемы, якія трэба было б вырашыць яшчэ на папярэдніх этапах. Паводле нашага цвёрдага пераканання, мы павінны выходзіць на канкрэтныя рубяжы, адным з якіх з’яўляецца паўнафарматы Мытны саюз. Паміж яго сябрамі не павінна быць ніякіх абмежаванняў у руху тавараў, якімі б адчувальнымі яны ні былі”, — падкрэсліў беларускі лідар. Паводле яго меркавання, працяглае захаванне любых формаў абмежаванняў у руху тавараў, пагатоў такіх, як энерганосьбіты, стварае непажаданы прэцэдэнт.



“Падыходы, якія заяўляюцца ў працэсе перамоваў, выклікаюць шмат пытанняў. Наватарскія прапановы па тэрмінах рэалізацыі дамоўленасцяў праз 10 гадоў, то бок, да 2025 году, гучаць, прынамсі, дзіўна. Калі мы не гатовыя рабіць захады цяпер, то гэта трэба адкрыта прызнаць”, — лічыць Лукашэнка.



Паводле словаў беларускага лідара, выказваецца занепакоенасць, што тут могуць быць цяжкасці эканамічнага і бюджэтнага характару. “Але мне падаецца, тады і размаўляць пра Еўразійскі эканамічны саюз трэба гадоў праз дзесяць, калі мы сёння не гатовыя”, — адзначыў ён.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі