Лукашэнка: калі ты бандыт і заслугоўваеш, каб цябе замачылі — цябе замочаць

Лукашэнка: калі ты бандыт і заслугоўваеш, каб цябе замачылі — цябе замочаць

У гутарцы з галоўным рэдактарам радыё "Эхо Москвы" Аляксеем Венядыктавым кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка расказаў, як змагаўся супраць арганізаванай злачыннасці ў 1990-х. З яго словаў вынікае, што супраць бандаў выкарыстоўваліся не зусім законныя метады.

Лукашэнка згадаў, як на трасе мяжа Расіі — Брэст бандыты спынялі іншамаркі і рабавалі кіроўцаў ды пасажыраў. "Не было ў нас мерсэдэсаў прыгожых — у расіян пазычылі. Сецназаўцаў туды саджаў. Яны іх спыняюць з аўтаматамі, а яны (спецназаўцы. — Еўрарадыё) іх квасяць", — распавёў кіраўнік дзяржавы пра методыку барацьбы са злачыннасцю.

Потым ён падзяліўся статыстыкай: "У мяне было 32 арганізаваныя злачынныя групы ў Мінску, калі я стаў саплівым прэзідэнтам. Яны гатовыя ўласнасць былі дзяліць..." 

Дарэчы, гэтую ж лічбу ён называў 5 снежня пры сустрэчы з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў шостага і сёмага скліканняў. Тады кіраўнік Беларусі сказаў, што не будзе распавядаць, якімі незаконнымі метадамі змагаўся супраць злачыннасці.

Венядыктаву ж ён заявіў: "Я за два месяцы разабраўся з гэтымі 32 злачыннымі групоўкамі. Жэстачайшым чынам. Большасць, вядома, уцякла ў Расію. Але потым мяне ацанілі, бо я ніколі не дзейнічаў па паняццям. Калі ты бандыт і заслугоўваеш каб цябе замачылі — цябе замочаць. Але я папярэджваў: хлопцы, давайце жыць дружна".

Па словах Лукашэнкі, бандыты хацелі правесці буйную сходку ў Магілёве, але ён ім перашкодзіў. "Я добра ведаю Магілёў. Не трэба танка — я вазьму БМП і праеду па ўсіх вашых аўтамабілях", — так нібыта папярэдзіў бандытаў кіраўнік Беларусі. Пасля гэтага яны перанеслі сваю сходку ў Расію.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі