Лукашэнка лічыць адносіны між Беларуссю і ЕС не такімі туманнымі, як раней
А таксама лічыць Беларусь важным звяном у выбудоўванні бяспечнай Еўропы.
24 лютага Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з намесніцай генеральнага сакратара Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Хельгай Марыяй Шмід. Прадстаўніца ЕС прыбыла ў нашу краіну з візітам.
Падчас сустрэчы кіраўнік Беларусі паведаміў, што разлічвае на пачатак добрага дыялогу паміж нашай краінай і Еўрасаюзам.
"Думаю, што гэта рэч патрэбная, гэта рух у правільным кірунку. Прынамсі, адносіны паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам сёння не так туманныя, як раней", — перадае БЕЛТА словы Лукашэнкі. Таксама ён заявіў, што Беларусь гатовая да выбудоўвання адносін з ЕС на раўнапраўнай недыскрымінацыйнай аснове.
Акрамя таго, беларускі кіраўнік заявіў пра значную ролю Беларусі ў агульнай структуры бяспекі на Еўрапейскім кантыненце. У сваю чаргу Хельга Марыя Шмід падзякавала беларускаму боку за "ўклад у вырашэнне вельмі складанага крызісу ў Еўрапейскім рэгіёне", інфармуе БЕЛТА.
Фота: БЕЛТА