Лукашэнка мае чатыры праекты ўказу па сельскай гаспадарцы
Кіраўнік Беларусі заклікае ўрад, Нацбанк і органы дзяржкіравання ўзважана падысці да абмеркавання праектаў указаў па аграрнай палітыцы.
Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў у аўторак на нарадзе, прысвечанай разгляду праектаў гэтых нарматыўных актаў. Па яго словах, якія перадае interfax.by, адпаведная рабочая група падрыхтавала і ўнесла на разгляд кіраўніка дзяржавы чатыры праекты ўказа. Нормы гэтых прававых актаў накіраваны на ўдасканаленне аграрнай палітыкі беларускай дзяржавы.
Лукашэнка заявіў, што гэтыя дакументы будуць накіраваныя на ўдасканаленне мер дзяржпадтрымкі, будуць рэгуляваць пытанні дзяржзаказу і крэдытна-грашовай палітыкі. Таксама плануецца прыняць указ аб рэструктурызацыі запазычанасці прадпрыемстваў АПК і аптымізацыі іх колькасці. Таксама рэкамендуецца істотна знізіць працэнтныя стаўкі па банкаўскіх крэдытах для прадпрыемстваў АПК.
Кіраўнік Беларусі адзначыў, што спісання пазык не будзе, а толькі рэструктурызацыя.
Разам з тым ён заклікаў не спяшацца, прымаючы рашэнне: "Тут лепш, як гаворыцца, сем разоў адмераць, перш чым адзін раз адрэзаць. Наша задача — яшчэ раз усё ўзважыць і прыняць правільныя рашэнні".
Фота — БЕЛТА