Лукашэнка: На Еўрагульнях беларусы павінны заваяваць не менш за 43 медалі
На II Еўрапейскіх гульнях, якія ў чэрвені пройдуць у нашай краіне, беларусы павінны заваяваць не менш за 43 медалі. Такую задачу на пасяджэнні выканкаму Нацыянальнага алімпійскага камітэту паставіў Аляксандр Лукашэнка ("Не менш, чым у Баку"), інфармуе прэс-служба кіраўніка дзяржавы. Менавіта столькі медалёў было ў нацыянальнай зборнай на I Еўрапейскіх гульнях у 2015 годзе ў сталіцы Азербайджана (10 залатых, 11 срэбраных і 22 бронзавых).
"Падтрымка ўсяго беларускага народа, натуральна, будзе забяспечана, — гаварыў Лукашэнка. — Таму ў нас няма права выступаць на гэтых Гульнях кепска. Хацелася б, каб гэтае патрабаванне было даведзена да спартсменаў і трэнераў".
Аляксандр Лукашэнка згадаў пра паспяховае выступленне беларускіх цяжкаатлетаў на нядаўнім чэмпіянаце Еўропы. А вось з футболам і хакеем праблемы. Як і з біятлонам. "Грошы патрацілі немалыя, а што паказалі, вы таксама ведаеце", — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Ён паабяцаў разабрацца "па біятлоне і іншых відах спорту". Размова пра хакей адбудзецца пасля чэмпіянату свету, на якім беларусы пазмагаюцца за вяртанне ў эліту.