Лукашэнка назваў вінаватых у фальсіфікацыях на выбарах 2020 года

Аляксандр Лукашэнка кажа, што "такія тэндэнцыі бываюць"

Аляксандр Лукашэнка кажа, што "такія тэндэнцыі бываюць" / kommersant.ru

24 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв'ю "Известиям" паразважаў пра фальсіфікацыі на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года. Высвятляецца, што ён дагэтуль пакрыўджаны на папулярны ў той час лозунг "Саша — 3%". Лукашэнка ў чарговы раз спрабаваў пераканаць суразмоўцу, што меў тады большую падтрымку. Ён думае, што ЦВК намаляваў яму 82%, але насамрэч — 80,23%. Беларусы ў гэтую лічбу не паверылі і па ўсёй краіне пачаліся масавыя пратэсты, якія рэжым змог спыніць толькі рэпрэсіямі.

"Фальсіфікацыя, фальсіфікацыя. Пачакаце, калі фальсіфікацыя, то вы дакажыце гэта. Скажыце, на падставе чаго вы мяне папракаеце ў фальсіфікацыі?!", — абураўся Лукашэнка ў размове з расійскім журналістам. Між тым шматлікія сведчанні і доказы фальсіфікацый былі апублікаваныя яшчэ ў 2020-м. А паводле апытання беларусаў у пачатку 2021-га, 61% верыў, што вынікі выбараў сфальсіфікаваныя. Не дзіўна, што восенню 2020-га АБСЕ рэкамендавала адмяніць вынікі выбараў у Беларусі і прызначыць новыя.

А далей Аляксандр Лукашэнка нечакана дапусціў, што ў 2020-м фальсіфікацыі сапраўды былі, але вінаватыя ў іх... "губернатары" (старшыні аблвыканкамаў). Па яго версіі, яны хацелі паказаць лепшы вынік у сваёй вобласці: "І ў нас ёсць такое спаборніцтва...". Але дапускае, што дадалі толькі дзясятыя долі адсотка, а агулам не больш за 5%.

"Я прызнаў, што гэта магчыма. У мяне такіх даных няма. Вось магчыма ведаю, што такія тэндэнцыі бываюць", — блытана гаварыў Лукашэнка. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі