Лукашэнка не паедзе ў Рыгу, Беларусь на саміце прадставіць Макей
Пра гэта Еўрарадыё паведамілі ў МЗС нашай краіны.
На саміце Усходняга партнёрства ў Рызе Беларусь прадставіць міністр замежных спраў нашай краіны Уладзімір Макей. Такім чынам, Аляксандр Лукашэнка вырашыў туды не ехаць, не паслаў ён туды і прэм'ер-міністра Андрэя Кабякова. Вось што паведаміў Еўрарадыё прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык:
"Згодна з рашэннем кіраўніка дзяржавы, Беларусь на саміце Усходняга партнёрства ў Рызе будзе прадстаўлена міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем".
Ці ёсць прынцыповая розніца, хто паедзе на Рыжскі саміт ад Беларусі?
Нагадаем, саміт Усходняга партнёрства ў Рызе пройдзе 21-22 траўня. Дарэчы, на мінулым саміце восенню 2013-га Беларусь таксама прадстаўляў Уладзімір Макей.
На Рыжскім саміце Арменію прадставіць прэзідэнт Серж Саргсян, Азербайджан — прэзідэнт Ільхам Аліеў, Украіну — прэзідэнт Пётр Парашэнка, Малдову — прэзідэнт Мікалай Цімафці, Грузію — прэм'ер-міністр Іраклі Гарыбашвілі.
Што для Беларусі зменіць саміт Усходняга партнёрства ў Рызе
Як паведаміў парталу tut.by дзяржаўны сакратар МЗС Латвіі Андрэйc Пілдэговічс, пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму паміж Беларуссю і Еўрасаюзам у Рызе парафіравана не будзе. На ўзгадненне тэксту дакумента і яго падпісанне плануецца выйсці ў сярэдзіне чэрвеня (да канца латвійскага старшынства ў ЕС).
Фота: ria.ru