Лукашэнка: Няхай кітайцы купяць у нас беларускай прадукцыі на $2-3 млрд
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу ўраду на важнасць экспарту прадукцыі ў Кітай.
10 лютага Аляксандр Лукашэнка праслухаў даклад аб актуальных пытаннях будаўніцтва Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парку. Ён нагадаў ураду, што Кітай — найбуйнейшы партнёр Беларусі. Таму кіраўнік дзяржавы патрабуе пашырыць пастаўкі беларускіх тавараў у гэтую краіну.
"Яны на сотні мільярдаў долараў купляюць, — цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі БЕЛТА. — Як я ўжо гаварыў, трэба папрасіць, гэта нашы сябры, няхай купілі б у нас сёлета хаця б на 2-3 мільярды долараў беларускай прадукцыі, у наступным годзе — яшчэ".
Што да будаўніцтва Кітайска-беларускага парку, Лукашэнка адзначыў яго недастатковыя тэмпы і загадаў актывізаваць работы. Паводле яго слоў, Кітай разглядае гэты праект як найважнейшы ў адносінах краін. Да таго ж у нашу краіну сёлета прыедзе з візітам старшыня КНР Сі Цзіньпін.
Ад сённяшняга дня кантраляваць пытанні беларуска-кітайскіх адносінаў, у тым ліку і будаўніцтва індустрыяльнага парку, будзе кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандр Косінец.
Фота: БЕЛТА