Лукашэнка параіў пенсіянерам: вы прымушайце дзяцей працаваць
Падчас наведвання Баранавічаў Аляксандр Лукашэнка паразмаўляў з людзьмі пра пенсіі і заробкі, інфармуе БЕЛТА. Мясцовыя жыхары сабраліся каля будынка гарвыканкама. І калі Лукашэнка з яго выйшаў, то накіраваўся да людзей.
Спачатку пытанні былі пра рост цэн на прадукты, напрыклад, на кураціну. Аляксандр Лукашэнка паабяцаў, што барацьба з неабгрунтаваным ростам цэн будзе працягвацца. "Мы паглядзім, хто тут зараз пачынае сваволіць з гэтымі коштамі, — гаварыў кіраўнік дзяржавы. — Таму што няма падстаў для іх росту. Гэта ўжо залазяць у кішэні".
Таксама Лукашэнка патлумачыў людзям, што часам цэны на сваю прадукцыю вымушаныя падымаць прадпрыемствы. "Вы не думайце, што павысілася цана на халадзільнік, і гэта я забраў гэтыя грошы, — гаварыў Аляксандр Лукашэнка. — Не, гэтыя грошы "Атлант", які вырабляе, і атрымаў. Не скажу, што ў іх усё добра, але яны стараюцца".
Пенсіянеры таксама спыталіся ў кіраўніка дзяржавы пра тое, ці будуць павялічвацца іх пенсіі. Лукашэнка сказаў, што ўсё залежыць ад эканомікі. Пакуль сітуацыя дазваляе толькі крыху павысіць пенсіі, адзначыў ён.
Лукашэнка: "У нас пенсіянеры беларускія гавораць, што грошай не хапае, а дзецям нешта ў кулачок, у кішэнь пакладуць. Вы іх прымушайце працаваць".
Што да заробкаў, то Аляксандр Лукашэнка паабяцаў жыхарам Баранавічаў: "За гэты і наступны год у Баранавічах і ў раёне ўвогуле сярэдні заробак павінен быць за тысячу рублёў стабільна".
Да Лукашэнкі прарвалася жыхарка Ганцавічаў, якая папрасіла яго прыехаць у іх горад. І ён паабяцаў, што наведае гэты раённы цэнтр.