Лукашэнка патлумачыў, чаму ён не сустрэўся на “Захадзе-2017” з Пуціным
Аляксандр Лукашэнка патлумачыў, чаму ён не сустрэўся на “Захадзе-2017” з Уладзімірам Пуціным. Кіраўнікі Беларусі і Расіі папярэдне дамовіліся, што будуць асобна наведваць беларуска-расійскія вучэнні. У сераду, у апошні іх дзень, Лукашэнка наведаў палігон “Барысаўскі”.
“Мы дамовіліся, што паколькі ўсё ж такі асноўная фаза сапраўды тут (у Беларусі), але вельмі буйныя вучэнні праходзілі якраз у Ленінградскай вобласці, то прэзідэнт Расіі пракантралюе і будзе назіраць за вучэннямі на поўначы, а я — ужо ў цэнтры”, — сказаў журналістам беларускі кіраўнік. І дадаў, што на самым пачатку ў яго і Пуціна сапраўды былі планы разам прысутнічаць на “Захадзе-2017”, але яны іх змянілі. “Нам усё ж такі трэба больш шырока ахапіць гэтае вучэнне, каб людзі бачылі прэзідэнтаў — дзе яны працуюць, як”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Таксама ён пажартаваў, што “калі снарад [трапіць] у адно месца — двух адразу не стане”.