Лукашэнка патрабуе, каб Нацбанк зніжаў інфляцыю (відэа)
Па яго словах, за фінансы павінны адказваць прэм'ер-міністр і старшыня Нацбанка.
16 студзеня Аляксандр Лукашэнка выступіў на сёмай пазачарговай сесіі Савета Рэспублікі. Ён прадставіў Паўла Калаўра на пасаду старшыні праўлення Нацыянальнага банка.
У сваёй прамове беларускі кіраўнік зарыентаваў Нацыянальны банк на зніжэнне інфляцыі і прыняцце мер па павышэнні даверу насельніцтва і прадпрыемстваў да нацыянальнай валюты.
Пры гэтым, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што пэўныя крокі ўжо зробленыя. "У далейшым рашэнні Нацбанка павінны быць больш зразумелымі і прадказальнымі для бізнесу і насельніцтва", — перадае БЕЛТА словы Лукашэнкі. Ён адзначыў, што старшыня праўлення Нацбанка і прэм'ер-міністр з'яўляюцца людзьмі, якія будуць адказваць за працэсы ў эканоміцы і яе крывяносную сістэму — фінансы.
Разам з тым кіраўнік Беларусі заклікаў развіваць фінансавы рынак — прыцягваць сродкі насельніцтва праз акцыі ды аблігацыі.
"Але, крый божа, мы паўторым тое, што адбылося ў Расіі, а тым больш ва Украіне. Каб праз гэты механізм сякія-такія вёрткія людзі не прыхапілі ніводнага прадпрыемства", — папярэдзіў Лукашэнка.
Ён дадаў, што беларускі фінансавы рынак павінен быць інтэграваны ў сусветны.
Фота з афіцыйнага сайта Лукашэнкі