У віншаванні Лукашэнка піша пра тое, што падпісанне дамовы ў 1999-м вывела беларуска-расійскія дачыненні "на ўзровень сапраўднага саюзніцтва і стратэгічнага партнёрства". Ён нагадаў пра тое, што краіны каардынуюць свае дзеянні на міжнароднай арэне, супрацоўнічаюць у абарончай і эканамічнай сферах, а грамадзян "не падзяляюць межы, візы, мытні".
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў саюзніцкіх адносінах галоўнае — забяспечыць павышэнне дабрабыту людзей. "Глыбока перакананы, што мы зможам надаць новую дынаміку рэалізацыі саюзнай дамовы, няўхільна прытрымліваючыся прынцыпаў раўнапраўя і даверу", — піша беларускі кіраўнік.
Пуцін таксама павіншаваў Лукашэнку з юбілейнай датай. У сваім віншаванні ён піша, што краінам удалося "істотна прасунуцца па шляху інтэграцыі і супрацоўніцтва". Расійскі прэзідэнт мяркуе, што сумеснымі высілкамі ўдасца забяспечыць "далейшае прасоўванне ўзаемавыгадных інтэграцыйных працэсаў і двухбаковага ўзаемадзеяння па ўсіх накірунках".
7 снежня ў Сочы прайшла сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна, аднак дакументы па "паглыбленні інтэграцыі" не былі падпісаныя. Іх дапрацоўка працягнецца. Наступная сустрэча кіраўнікоў Беларусі і Расіі пройдзе 20 снежня ў Санкт-Пецярбургу.