Лукашэнка перадаў у парламент праект закона аб амністыі
На яе могуць разлічваць каля 8 600 чалавек, у тым ліку і тыя, хто знаходзіцца пад следствам. Амністыя прымеркаваная да 70-х угодкаў Перамогі.
Аляксандр Лукашэнка завяршыў працу над праектам закона аб амністыі. Дакумент ужо перададзены ў парламент. Цяпер жа яго будуць разглядаць Палата прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі. Дакладчыкам выступіць міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч
Як адзначае тэлеканал АНТ, у праекце закона аб амністыі вызначаны катэгорыі асуджаных, тэрмін пакарання якіх будзе скарочаны на год. Гэта непаўналетнія, цяжарныя жанчыны, адзінокія грамадзяне, якія маюць дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў, пенсіянеры і інваліды 1-й і 2-й груп. Таксама на амністыю могуць разлічваць ветэраны баявых дзеянняў, асобы, параненыя ў баях або на службе, і тыя, хто пацярпеў ад Чарнобыльскай аварыі.
Паводле папярэдніх падлікаў, пад амністыю могуць патрапіць больш за 8 500 грамадзян (у тым ліку больш за дзве тысячы — з месцаў пазбаўлення волі). Ім абяцаюць дапамагчы з бытавымі пытаннямі і пошукам працы.
Як заявіў намеснік старшыні камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў Віктар Русак, парламентары разгледзяць законапраект у сціслыя тэрміны. Ён мяркуе, што ўжо на бягучай сесіі яго ўхваляць, каб перадаць на подпіс кіраўніку дзяржавы, інфармуе РІА "Новости".
Нагадаем, летась амністыя была прымеркаваная да 70-х угодкаў вызвалення Беларусі. Больш за 2 тысячы чалавек выйшлі на волю, для амаль 2 500 было зменшанае пакаранне на адзін год.
Фота: ria.ru