Лукашэнка — пра крызіс: туды адной нагой уступілі, другую нагу ўсадзім?
У пятніцу падчас наведвання прыватнага прадпрыемства "Адані" ў Мінскім раёне Аляксандр Лукашэнка выказаўся і пра "каранавірусны псіхоз", і пра эканамічны крызіс, і пра будучае пасланне народу і парламенту. Пакуль незразумела, наколькі моцна пагоршыцца эканамічная сітуацыя ў свеце, заявіў беларускі кіраўнік. Цяпер ідзе яе аналіз і ёсць надзея, што краіны яшчэ змогуць вярнуцца да ранейшага ўзроўню развіцця. Але ён не ўтрымаўся і выказаў сваё меркаванне.
"Што тычыцца фінансава-эканамічнага крызісу, мы ўжо туды адной нагой ўступілі, — цытуе словы Лукашэнкі БЕЛТА. — А зараз... спрабуем гэтую нагу вярнуць на месца".
Па словах кіраўніка дзяржавы, "галоўнае пытанне: ці ўдасца нам назад гэтую нагу вярнуць і побач паставіць, ці ж мы туды і другую нагу ўсадзім?"
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што "наперадзе пасланне прэзідэнта народу і парламенту". Ідзе яго падрыхтоўка. Звычайна кіраўнік дзяржавы выступае з пасланнем у красавіку. "Магчыма, да таго часу сітуацыя дазволіць нам зрабіць пэўныя адназначныя высновы", — дадаў ён.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.