Лукашэнка прапанаваў Болтану пачаць адносіны з ЗША з чыстага аркуша
Аляксандр Лукашэнка ацаніў візіт дарадцы ЗША па нацбяспецы Джона Болтана як станоўчы для Беларусі, перадае БЕЛТА. Перамовы адбываюцца ў Палацы Незалежнасці ў Мінску.
"Станоўчае палягае ў тым, і нас ніхто ў гэтым не папракне (і вы, напэўна, ведаеце пра гэта), што мы ўвесь час з моманту пагаршэння нашых стасункаў з ЗША прапаноўвалі закрыць гэтую нядобрую старонку і пачаць з новага аркуша нашыя адносіны", — заявіў кіраўнік Беларусі.
Ён назваў візіт амерыканскага чыноўніка гістарычным і падкрэсліў, што такія высокапастаўленыя прадстаўнікі ў Беларусь не прыязджалі вельмі даўно.
У адказ Болтан абазначыў тыя тэмы, якія плануе абмеркаваць ён. "Лічу, гэта вельмі добрая магчымасць правесці размову па некалькіх вельмі важных тэмах — рэгіянальнай бяспецы, двухбаковым супрацоўніцтве. Ёсць некалькі пытанняў, якія вельмі цікавяць ЗША: правы чалавека, нераспаўсюд зброі. Я згодны з вамі, што мы павінны быць гранічна адкрытыя па гэтых тэмах. Думаю, мы зможам знайсці агульную мову", — паведаміў прадстаўнік ЗША.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.