Лукашэнка праводзіць нараду па крамах duty free
24 верасня Аляксандр Лукашэнка праводзіць нараду па развіцці сеткі крамаў duty free, паведамляе яго прэс-служба. На разгляд кіраўніку дзяржавы ўнеслі адпаведны праект нарматыўнага прававога акта.
Кіраўнік Беларусі паведаміў, што з 2014 года колькасць "д'юцікаў" у краіне вырасла ўтрая — цяпер іх амаль 70. Прычым тры працуюць не толькі для тых, хто выязджае з Беларусі, але і для тых, хто едзе ў нашу краіну. Акрамя таго, на самалётах кампаніі "Белавія" таксама дазволены бяспошлінны гандаль. "Для фізічных асоб гэта выгадна", — дадаў Лукашэнка.
Прыкладна чвэрць асартыменту ў "д'юціках" — гэта тавары беларускай вытворчасці. І хаця крамы вызваленыя ад мытных пошлін, пэўную суму ў бюджэт яны прыносяць, у тым ліку і валюту.
Але перш чым прымаць указ аб развіцці крамаў duty free, Лукашэнка запатрабаваў расказаць, як гэта ўплывае на беларускіх вытворцаў аналагічных тавараў і гандаль. Пра перспектывы "д'юцікаў" ён пацікавіўся ў першага віцэ-прэм'ера Аляксандра Турчына: "Давайце па сутнасці. Мне трэба дакладна ўразумець для сябе, што рабіць з дакументамі, якія вы ўносіце на мой разгляд. А яны датычацца пашырэння сеткі. Нарматыўна мы агаварылі і дамовіліся, як будуць дзейнічаць гэтыя крамы. "Каўрыжкі", прэферэнцыі, льготы — мы ўсё гэта вызначылі. Мы дамаўляліся, што пройдзе пэўны час — і мы прааналізуем, якое шчасце нам падарылі гэтыя 70 крамаў".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.