Лукашэнка — Пуціну: Хацелася б не цягнуць у новы год старыя праблемы
У Крамлі адбываецца сустрэча кіраўнікоў Беларусі і Расіі — Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна.
У сваёй прамове Лукашэнка зазначыў блізкія адносіны і вялікі аб'ём рознабаковага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расіяй. "Будзем прама гаварыць, ні ў кога няма такіх блізкіх і цесных адносін, як у беларусаў і расіян. Натуральна, мы рухаемся наперад, і на гэтым шляху ўзнікаюць пэўныя праблемы. Але яны не супастаўныя з тымі дасягненнямі, якія вы пералічылі ў лічбах", — прыводзіць БЕЛТА словы беларускага кіраўніка.
Ён прапанаваў расійскаму калегу аператыўна вырашыць пытанні: "Хацелася б, каб мы вырашылі гэтыя пытанні і ў новы год не цягнулі старыя праблемы".
Лукашэнка пахваліў нядаўнюю прэс-канферэнцыю Пуціна, назваўшы яе добрай размовай з расіянамі. Пры гэтым беларускі кіраўнік дадаў, што праблемы Беларусі і Расіі выкліканыя глабальнымі працэсамі: "Праблемы, якія складваюцца ў сусветным гандлі, эканоміцы, палітыцы, ваенных пытаннях, так ці інакш яны датычацца нас. І мы, хочам ці не, уцягнутыя ў гэтыя праблемы. Але іх трэба вырашаць".
Пуцін пералічыў у лічбах вынік беларуска-расійскіх адносінаў: двухбаковы тавараабарот летась вырас больш чым на 23% і перавысіў 32 мільярды долараў. Селета адзначаецца рост яшчэ на 12% да мінулага года. У Беларусі, па яго словах, шмат прамых расійскіх інвестыцый. "Вядома, ёсць і пытанні. Пры такім вялікім аб'ёме ўзаемадзеяння заўсёды пытанні ўзнікаюць. Яны палягаюць, як правіла, у сферы энергетыкі, хоць і тут вельмі шмат зроблена", — абазначыў сферу перамоваў расійскі кіраўнік.
Ён дадаў, што задаволены беларуска-расійскімі адносінамі.
Плануецца, што спярша пройдуць перамовы Лукашэнкі і Пуціна ў прысутнасці чальцоў урадаў, а потым у фармаце "сам-насам".