Лукашэнка сабраў нараду па COVID — абяцае зрабіць вакцыну даступнай для ўсіх
Абмяркоўваецца масавая вакцынацыя беларусаў супраць каранавіруснай інфекцыі / з архіву БЕЛТА
Кожны ахвочы зможа вакцынавацца супраць каранавіруснай інфекцыі, заявіў Аляксандр Лукашэнка на нарадзе, прысвечанай распрацоўцы вакцын і масавай вакцынацыі насельніцтва.
"Незалежна ад таго, выйдзем мы на вытворчасць вакцыны ў разумныя тэрміны ці не, хачу, каб грамадства ведала — краіна будзе забяспечаная вакцынай, і кожны ахвочы зможа мець да яе свабодны доступ", — цытуе Лукашэнку агенцтва БЕЛТА.
На нарадзе абмяркоўваюць магчымасці распрацоўкі ўласнай вакцыны і тое, у якой стадыі знаходзіцца праект па вытворчасці ў Беларусі расійскай вакцыны.
Пры гэтым Лукашэнка паскардзіўся, што пытанне здароўя людзей у свеце пераходзіць у камерцыйную плоскасць. Краіны, здольныя распрацаваць і вырабіць вакцыны, паводле яго слоў, "у першую чаргу ўлічваюць свае патрэбы і, шчыра кажучы, палітычныя прыярытэты".
Напярэдадні ў Беларусі была зарэгістраваная расійская вакцына "Спутник V". Да гэтага Беларусь брала ўдзел у клінічных выпрабаваннях гэтага прэпарата. Па словах міністра аховы здароўя Дзмітрыя Піневіча, "паводле дадзеных, што ёсць на сённяшні дзень, вакцына бяспечная і эфектыўная, сур'ёзных або непрадбачаных пабочных эфектаў выяўлена не было".
Мяркуецца, што першая партыя "Спутник V" паступіць у Беларусь ужо ў студзені. Першымі вакцынуюць медыкаў і настаўнікаў, а таксама работнікаў тых сфер, дзе шмат кантактаў з людзьмі.
Акрамя таго, раней Лукашэнка неаднаразова казаў пра планы Беларусі распрацаваць уласную вакцыну. Паводле яго слоў, грошы на распрацоўку патрэбныя невялікія — каля 5 мільёнаў рублёў (1,9 млн даляраў). "І нам гэта акупіцца, толькі трэба хутка рухацца ў гэтым кірунку", — лічыць ён.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.