Лукашэнка: "Штучны інтэлект ніколі не заменіць чалавека"
Аляксандр Лукашэнка/tvr.by
У пасланні народу і парламенту 19 красавіка Аляксандр Лукашэнка крытычна выказаўся пра перспектывы штучнага інтэлекту і магчымую замену чалавечай працы:
"Мы разумеем, штучны інтэлект ніколі не заменіць чалавека. Ды і фізічная праца заўсёды будзе запатрабаваная ў нашым жыцці. Нядаўна мы дэбатавалі гэтае пытанне на сустрэчы з нашымі, як я кажу па-народнаму, разумнымі, "яйцагаловымі" у IT-парку. І мы прыйшлі да высновы: так, у нечым машыны і робаты будуць чалавека ўсё далей аддаляць ад вытворчасці, іншых праблем і гэтак далей. Але робат свядомасцю ніколі валодаць не будзе. Рэальны сектар ўсё адно застанецца ў аснове, усё адно чалавечая праца будзе запатрабаваная. Гэта яшчэ адзін пасыл вам і народу. Мы ў апошні час занадта шмат гаворым і разважаем пра IT. Самі ўжо камп’ютарамі сталі".
Робаты і IT-тэхналогіі, на думку кіраўніка краіны, не заменяць чалавека і яго працу:
"Замест каровы цяля ніхто не народзіць, замест жанчыны дзіця таксама ніхто не народзіць. І вы таксама са сваімі камп’ютарамі. І можна пералічваць далей усе гэтыя справы, якія будуць за чалавекам. Вы павінны ў гэтым выпадку не забываць, што вы ўпрысцёжку з імі. Вы са сваёй IT-медыцынай і іншым павінны дапамагаць. 3D прынтарамі і іншым. Але дзiця не надрукуеце. Яно будзе не такое, якое патрэбнае ў перспектыве нашаму грамадству. І заўсёды будзе паважаны той, хто ў любой сферы будзе працаваць добрасумленна".
Пры гэтым кіраўнік краіны падкрэсліў, што IT-індустрыя і, у прыватнасці, Парк высокіх тэхналогій — будучыня Беларусі:
"Мы стварылі Парк высокіх тэхналогій, ён аб'ектыўна стаў адным з тых узораў, якія характарызуюць сучасную Беларусь для ўсяго свету. Парк гэта адзін з праектаў нашай будучыні, выпрацаваны курс на пабудову IT-краіны, яго ніхто мяняць не будзе, гэта сапраўды будучыня нашай дзяржавы, якая не валодае велізарнымі запасамі вуглевадародаў. Дзяржава зацікаўленая ў тым, каб Парк актыўна развіваўся, каб да нас прыязджалі лепшыя спецыялісты. Самыя разумныя і таленавітыя людзі з гэтай сферы Украіны, Расіі, Захаду, з Амерыкі, Індыі. Там ёсць усе, і мы іх вітаем, для іх мы ствараем ідэальныя ўмовы і будзем гэта рабіць пастаянна. Перакананы, што ім будзе не толькі камфортна працаваць, але і жыць у нашай краіне. Галоўнае не змяншаць набраныя тэмпы росту і не вельмі адстаць ад надзённых патрэб эканомікі. Магчымасці, здольнасці і распрацоўкі рэзідэнтаў парка павінны працаваць у Беларусі і на Беларусь".
Аляксандр Лукашэнка нагадаў прадстаўнікам IT сферы, каб яны не забывалі ісці "упрысцёжку" з МАЗамі, БелАЗ і МТЗ:
"Я не пабаяўся ім сказаць: хлопцы вы добрыя, кемлівыя. Але не забывайце ісці упрысцёжку з гэтымі МАЗамі, БелАЗ і МТЗ і тымі, хто працуе сёння ў сельскай гаспадарцы.
Размаўляем пра лічбавую эканоміку, і самі не разумеем, што гэта такое, што гэта за лічба і што яна значыць. Але гэта вы ўжо самі разбярыцеся. У гэтых жа камп’ютарах, у гэтых "Вікіпедыях" і чым адрозніваецца цыфравізацыя ад камп’ютарызацыі. Але чалавек будзе працаваць, і праца яго заўсёды будзе запатрабаваная. Таму што чалавек унікальны — ён валодае свядомасцю. Не трэба перад сабой як штору вывешваць гэтую цыфравізацыю і іншыя паняцці мацерныя і нямацерныя".