Лукашэнка сустрэўся з кангрэсменамі ЗША (відэа)

Аляксандр Лукашэнка 3 жніўня ў Мінску сустрэўся з дэлегацыяй амерыканскіх кангрэсменаў. Ён заявіў ім, што Беларусь была і будзе зацікаўленая ў паўнавартаснай супрацы са Злучанымі Штатамі Амерыкі.

Лукашэнка адзначыў, што беларускі бок шануе падтрымку сваіх ініцыятыў у ААН і гатоўнасць Злучаных Штатаў спрыяць далучэнню Беларусі да Сусветнай гандлёвай арганізацыі. "Мяркую, што нам трэба будаваць адносіны паміж ЗША і Беларуссю не па сродках масавай інфармацыі, а непасрэдна вывучаючы абстаноўку ў краінах, і рабіць з гэтага адпаведныя высновы", — перадае БЕЛТА словы беларускага кіраўніка.

У сваю чаргу, чалец Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША ад штата Каліфорнія Дана Рорабакер прапанаваў павысіць узровень дыпламатычнага прадстаўніцтва паміж Беларуссю і ЗША Ён прапанаваў вярнуць амбасадара ЗША ў Мінск і беларускага амбасадара ў Вашынгтон.

Дана Рорабакер адзначыў, што гэта першы за доўгія гады візіт кангрэсменаў ЗША ў Беларусь. Як перадае БЕЛТА, кангрэсмен заявіў: "Я быў рады ўбачыць у Беларусі тое, што ўбачыў. І тая карціна, якая мне адкрылася, аддае належнае вашым намаганням і намаганням вашай краіны, якія былі зробленыя для народа. І я спадзяюся, што ў вас ёсць яшчэ многія рэчы, якімі можна ганарыцца. І што ў нас сапраўды існуе мноства сфер для супрацоўніцтва. І я гатовы атрымаць новыя ўражанні праз многія гады пасля папярэдняга візіту".

Фота: БЕЛТА

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі