Лукашэнка ў Пекіне распавёў пра тое, чым ганарыцца
15 траўня Аляксандр Лукашэнка выступіў на пасяджэнні круглага стала кіраўнікоў дзяржаў — удзельніц форуму міжнароднага супрацоўніцтва "Адзін пояс і адзін шлях".
У сваёй прамове ён заявіў, што сёння свет знаходзіцца ў стадыі актыўнага развіцця і глабальных пераменаў. А гэтыя змены спалучаюцца з бесперапыннымі выклікамі і небяспекамі. Сярод іх кіраўнік Беларусі назваў тэрарызм, міграцыйны крызіс, небяспечныя інфекцыйныя захворванні, кліматычныя змены ды іншыя. "Акрамя таго, аслаблены сусветны эканамічны рост аказвае прыкметны ўплыў на паглыбленне адрозненняў паміж краінамі. Часта супярэчнасці вырашаюцца з ужываннем зброі. Менавіта таму сёння так важна выкарыстоўваць гістарычную магчымасць для змены мадэлі міждзяржаўнага ўзаемадзеяння. Дасягненне росквіту рэальна толькі ў сумесным мірным ўзаемавыгадным развіцці", — цытуе словы Лукашэнкі яго прэс-служба.
Беларускі кіраўнік пахваліў глабальныя ініцыятывы "Адзін пояс і адзін шлях" і "Супольнасць адзінага лёсу", вылучаныя кітайскім лідарам Сі Цзіньпінам. Па яго словах, у гэтых ініцыятывах няма навязвання інтарэсаў. "Кітай прыходзіць — і ў гэтым унікальная асаблівасць — як дружалюбная краіна, прапаноўваючы механізмы стымулявання сумеснага развіцця", — падкрэсліў Лукашэнка.
Ён паведаміў пра свой гонар тым, што Беларусь стала першай краінай у Еўропе і адной з першых краін у свеце, якія падключыліся да будаўніцтва эканамічнага пояса Шаўковага шляху па цэлым шэрагу напрамкаў.
Згадаў Лукашэнка і сумесня беларуска-кітайскі праект індустрыяльнага парку "Вялікі Камень". Па яго словах, дзве краіны сумесна ствараюць не толькі інфраструктуру гэтага "горада будучыні", але і законы, па якіх ён развіваецца.
Кіраўнік Беларусі прапанаваў дзяржавам-удзельніцам форуму прадумаць алгарытм для спалучэння сваіх навуковых патэнцыялаў, а таксама на міждзяржаўным узроўні фармаваць цэнтры даследаванняў і навуковых абменаў. Акрамя таго ён прапанаваў каардынаваць намаганні па абароне стратэгічна важнай інфраструктуры ўрадавых і камерцыйных баз дадзеных. На думку Лукашэнкі, сёння гэта "пытанне бяспекі захавання суверэнітэту кожнай дзяржавы".