Лукашэнка: Усебеларускі сход не будзе мяняць ніякія канстытуцыйныя нормы
Усебеларускі народны сход не ўпаўнаважаны мяняць канстытуцыйныя нормы і рабіць гэтага не будзе. Пра гэта Алякандр Лукашэнка заявіў падчас візіту ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі ў Бараўлянах, перадае БЕЛТА.
Лукашэнка абверг чуткі, што праз сход ён хоча падоўжыць свае паўнамоцтвы.
"Калі я захачу сваю ўладу падоўжыць, дык у мяне ёсць усе магчымасці застацца прэзідэнтам. Што там ужо (кажуць. — БЕЛТА), на Усебеларускім народным сходзе, я буду старшынёй. Той, хто баіцца, што Лукашэнка застанецца ва ўладзе, павінен маліцца, каб я стаў нейкім там старшынёй гэтага сходу. Ніхто паўнамоцтвы шалёныя на Усебеларускі народны сход адпраўляць не будзе. Кіраўнік дзяржавы будзе прэзідэнт. Гэта вы яго абярэце. Прэм'ер-міністр будзе, парламентарыі ды іншыя", — заявіў ён.
І сапраўды, з 2004 года ў Беларусі знятае канстытуцыйнае абмежаванне прэзідэнцкіх тэрмінаў для аднаго чалавека.
Таксама Лукашэнка заявіў, што пытанне пра ператварэнне гэтага сходу ў канстытуцыйны орган яшчэ не вырашанае. Усё, маўляў, будуць вырашаць грамадзяне краіны на рэферэндуме. Але варта дадаць, што ніводзін з беларускіх рэферэндумаў не паказваў вынікі, нязручныя цяперашняй уладзе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.