Лукашэнка: "Вы паглядзіце на нашых хлопцаў. Я не ведаю, як яны жэняцца"
Аляксандр Лукашэнка патрабуе пашырыць працоўную падрыхтоўку ў школах. Пра гэта ён заявіў на нарадзе па развіцці адукацыі, якая прайшла 1 лютага.
На думку кіраўніка дзяржавы, якую перадае БЕЛТА, працоўнае навучанне ў старэйшых класах не толькі дае школьнікам прафесійныя навыкі, але і рыхтуе іх да побытавых сітуацыяў. Цяперашняе пакаленне, лічыць ён, не спраўляецца з побытавымі праблемамі.
"Вы паглядзіце на нашых хлопцаў. Я не ведаю, як яны жэняцца. Чаму іх жонкі выганяюць з дому і сем'і бурацца? Ды таму што нічога рабіць не ўмеюць! Ён лямпачку не можа ў люстру закруціць, элементарна парамантаваць чайнік або кававарку. Ён не можа зразумець, чаму яна не працуе. Не ведае, што такое гэбель, фуганак, стамеска, долата, малаток, сякера і як працаваць імі", — абурыўся Лукашэнка. Дзяўчат ён раскрытыкаваў за тое, што тыя не ведаюць як пасмажыць яечню ці прышыць гузік. Усе гэтыя навыкі, маўляў, мусяць набывацца ў школе на ўроках працы.
Таксама кіраўнік Беларусі запатрабаваў больш увагі надаваць фізічнай падрыхтоўцы ў школе, прышчапляць дзецям здаровы лад жыцця.