Лукашэнка вырашыў, што прыйшоў час эканоміць, — чым гэта пагражае?

Кошты / Euroradio, фота ілюстрацыйнае
Кошты / Euroradio, фота ілюстрацыйнае

Востры недахоп грошай у бюджэце можа выліцца ў скарачэнне выдаткаў на інфраструктуру, рамонты і прыбіранне вуліц, лічыць эканаміст, аўтар праекта “Кошт урада” Уладзімір Кавалкін.

Да высновы, што наспеў час эканоміць народныя грошы, надоечы прыйшоў Аляксандр Лукашэнка. Але бюджэтнікам і пенсіянерам пакуль можна не хвалявацца, заспакойвае суразмоўца Еўрарадыё. Намеры чыноўнікаў увесці рэжым вострай эканоміі на іх не адаб’ецца — бо гэта робяць, толькі калі “ну зусім грошай няма”.

— Відавочна, што ёсць праблемы ў эканоміцы, асабліва апошнія 2-3 месяцы. Ёсць праблемы і ў прамысловай вытворчасці, і з экспартам, бо санкцыі выціскаюць дзяржпрадпрыемствы. Зразумела, што ў такім выпадку скарачаюцца і даходы дзярдбюджэту. Праз гэта і з’яўляецца патрэба эканоміць.

Ну а як чыноўнікі эканомяць? Яны свае кошты перакладаюць на камерцыйныя прадпрыемствы. Прыкладам, калі я як старшыня гарвыканкама павінны нешта зрабіць, а грошай не маю, дык успамінаю, што на маёй тэрыторыі ёсць камерцыйнае прадпрыемства і я магу прымусіць яго бясплатна працаваць на сябе. Будуць нязгодныя — прыйду да іх з праверкай.

Лукашэнка згадаў і нейкіх “падснежнікаў”. Маўляў, на дзяржпрадпрыемствах ёсць людзі, якія там толькі “лічацца”, а працуюць у іншых месцах. Ён пакрытыкаваў і чыноўнікаў, якія карыстаюцца службовым транспартам у асабістых мэтах. Больш на гэта ў дзяржавы сродкаў няма. А ці шмат грошай сыходзіла на такія схемы?

— Звычайная практыка: калі вакансія не закрываецца месяцамі, а часам і гадамі, робяць такія схемы. Робяць дзеля таго, каб працаўнікам, што працуюць за невялікі заробак, дазваляць нейкія бонусы і прэміі. Бо калі гэтыя бонусы не плаціць, дык усе сыдуць з працы.

То бок гэта звычайная для савецкай эканомікі сітуацыя прыпісак. Калі глядзець па табліцах — усё добра, але жыццё іх карэктуе.

Але раней Кавалкін у размове з Еўрарадыё казаў, што ў Беларусі ўжо ўключаны другарскі станок — за люты аб'ём наяўнасці ў абароце вырас амаль на 50%. Чаму гэта не верашае ўсе праблемы з бюджэтам?

— Гэта нерэальныя грошы, калі выдаць іх заробкамі, дык яны акажуцца на рынку і паўплываюць на інфляцыю. Калі б можна было проста надрукаваць колькі заўгодна грошай і жыць шчасліва, усе б друкавалі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі