Лукашэнка вызначыў лаўрэатаў прэміі "Беларускі спартыўны Алімп"
Імі сталі тры жанчыны-спартоўкі.
5 студзеня ўказам №5 Аляксандр Лукашэнка вызначыў лаўрэатаў спецыяльнай прэміі "Беларускі спартыўны Алімп" па выніках 2014 года.
Як паведамляе БелаПАН, спартовую ўзнагароду за актыўную дзейнасць па папулярызацыі фізкультуры і спорту атрымалі тры жанчыны. Гэта спартсмен-інструктар нацыянальнай каманды па лёгкай атлетыцы Марына Арзамасава, трэнер-выкладчы Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па мастацкай гімнастыцы Ірына Ільянкова і трэнер-выкладчык па лёгкай атлетыцы Мінскай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву №2 БФСТ "Дынама" Наталля Шыкаленка.
Марына Арзамасава ў 2014 годзе заваявала залаты медаль чэмпіянату Еўропы і бронзавы медаль зімовага чэмпіянату свету ў бегу на 800 м.
Ірына Ільянкова "дасягнула высокіх вынікаў у падрыхтоўцы шматразовых пераможцаў і прызёраў міжнародных спаборніцтваў па мастацкай гімнастыцы".
Наталля Шыкаленка "зарэкамендавала сябе прафесіяналам у спорце вышэйшых дасягненняў, пастаянна павышае сваё прафесійнае майстэрства і прадумана ўкараняе ў практыку перадавыя методыкі трэніроўкі". Яна з'яўляецца срэбранай прызёркай XXV летніх Алімпійскіх гульняў 1992 года, чэмпіёнкай свету 1995 года ў кіданні дзіды.
Фота Марыны Арзамасавай — vsr.mil.by