Лукашэнка: у нас 13 гадоў рэгулярна ўзнікаюць рознагалоссі з Расіяй

Лукашэнка: у нас 13 гадоў рэгулярна ўзнікаюць рознагалоссі з Расіяй

Ва ўрада павінны быць планы рэагавання на любы магчымы выклік. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе па забеспячэнні эфектыўнай работы паліўна-энергетычнага комплексу краіны, перадае БЕЛТА.

Ён нагадаў, што на сусветную эканоміку ўплываюць гандлёвыя канфлікты паміж дзяржавамі-лідарамі, краінавы пратэкцыянізм і нават новы азіяцкі вірус.

"Таму перш за ўсё эканамічнаму блоку ўрада і ўраду ў цэлым неабходна мець планы рэагавання на любы магчымы выклік, а не закрываць амбразуру целамі, калі ўжо пачаўся бой", — заявіў кіраўнік Беларусі.

Нарада праходзіць напярэдадні сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна. Таму на сустрэчы абмяркоўваюцца адносіны з Расіяй у энергетычнай сферы. "Яны ва ўсіх на слыху — кшталту паставак нафты, газу, прадуктовыя вайны, якія, на жаль, сталі звыклымі апошнім часам", — дадаў беларускі кіраўнік.

Ён адзначыў, што рознагалоссі з Расіяй па энергетычных пытаннях узнікаюць рэгулярна на працягу 13 гадоў, нягледзячы на ўзаемныя абавязанні. 

"Хоць пры іх падпісанні нам былі дадзеныя цвёрдыя гарантыі. Да прыкладу, сёлета Расія абавязалася на міжурадавым узроўні паставіць у Беларусь 24 мільёны тон нафты — па 2 мільёны кожны месяц. У студзені было пастаўлена 500 тысяч — адна чвэрць. Вы мне далажыце, што зроблена для таго, каб Расія выконвала абавязацельствы", — запатрабаваў Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы спытаўся пра механізмы кампенсацыі страт, якія беларуская эканоміка адчуе ад расійскага падатковага манеўру ў нафтавай сферы. Таксама ён пацікавіўся, як ідзе пошук альтэрнатыўных пастаўшчыкоў энергарэсурсаў. 

"Яшчэ раз, ужо публічна, паўтараю: усе нафтаперапрацоўчыя заводы павінны працаваць. Мы павінны забяспечваць нафтапрадуктамі не толькі ўнутраны рынак, як гэта адбываецца цяпер, але і нашы абавязанні па кантрактах на знешніх рынках — гэта значыць продаж нафтапрадуктаў Еўропе, Украіне, іншым краінам", — падкрэсліў Лукашэнка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі