Лукашэнка заявіў, што "партызаны" хаваюць зброю, арматуру, сякеры, нажы

Лукашэнка заявіў, што "партызаны" хаваюць зброю, арматуру, сякеры, нажы

У пятніцу падчас наведвання Лідскага раёна Аляксандр Лукашэнка заявіў, што не можа дапусціць, "каб у Беларусі паўтарыўся ўкраінскі варыянт". "Некаму хочацца падарваць абстаноўку, і яны выкарыстоўваюць нашых адмарозкаў, — цытуе словы Лукашэнкі БЕЛТА. — Дайшлі да таго, што, як партызаны, ямы капалі і хавалі. Хаваюць зброю, арматуру, сякеры, нажы, гранаты і іншае. І ўсё кажуць: гэта мы патрыятызму дзяцей вучым. З баявымі гранатамі дзяцей вучыць?".

Як можна меркаваць, кіраўнік дзяржавы згадаў нядаўнія затрыманні ў Беларусі былых сябраў "Белага легіёну" і бабруйскага "Патрыёта". У сюжэтах на тэлебачанні паказвалі нейкія дзіўныя арсеналы, схрон з... арматурай.

"Свярбяць у кагосьці рукі, — кажа Аляксандр Лукашэнка. — Але ёсць нейкі бар'ер, які ніхто не павінен пераступаць, парушаючы закон і Канстытуцыю. І калі ўлада гэтага не ўбачыць, тады гэта будзе ланцуговая рэакцыя, яе вельмі цяжка спыніць, таму што будуць ўцягнутыя мільёны людзей".

У чарговы раз кіраўнік Беларусі распавёў пра нейкую жанчыну, ураджэнку Беларусі, якая жыве ў адной з краін Захаду і папярэдзіла беларускія ўлады пра падрыхтоўку правакацыі. Да яе паехалі людзі, паразмаўлялі. "Гэта нас падштурхнула да актыўных дзеянняў, я даручыў спецслужбам неадкладна пачаць аперацыю па распрацоўцы гэтых людзей, і мы выйшлі на цэлы арсенал зброі", — распавёў Аляксандр Лукашэнка.

Ён зноў сказаў, што фінансаванне супрацьпраўнай дзейнасці ішло з нейкіх амерыканскіх і нямецкіх фондаў праз Польшчу і Літву. А цяпер у гэтых краінах крыўдзяцца, але ж гэта праўда, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, атрымальнікі грошай у Беларусі "жылі і жывуць някепска, усе у асабняках, на "Мерсэдэсах".

Лукашэнка таксама заявіў, што многія беларусы, пабачыўшы сюжэты пра "арсеналы" і "адмарозкаў", "пачалі адмаўляцца ад усіх гэтых мітынгаў і дэманстрацый". Людзі зразумелі, што ўлада не спалохалася", — падвёў вынік кіраўнік дзяржавы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі