Лукашэнка звярнуўся да беларусаў і расіян
Аляксандр Лукашэнка звярнуўся не толькі да беларусаў, але і да расіян. Ён павіншаваў іх з Днём яднання народаў Беларусі і Расіі. Паводле слоў беларускага кіраўніка, гэтая дата "сімвалізуе цвёрдую прыхільнасць нашых краін шматвяковай дружбе і агульным духоўным каштоўнасцям". "Непадзельная спадчына мінулага, у якім былі Вялікая Перамога і стваральная праца некалькіх пакаленняў, абумовіла лёсавызначальнае рашэнне разам будаваць сваю будучыню", — гаворыцца ў віншаванні.
Лукашэнка нагадаў пра 20-я ўгодкі з часу падпісання дамовы аб саюзнай дзяржаве. Ён перакананы, што "рэальныя перавагі Саюзу сёння адчуваюць мільёны беларусаў і расіян". "Паміж нашымі краінамі няма адчужанасці", — адзначае беларускі кіраўнік. Аляксандр Лукашэнка заклікае і далей "пашыраць беларуска-расійскае супрацоўніцтва". Пры гэтым слова "інтэграцыя" ў віншаванні адсутнічае.
Адначасова Лукашэнка, як старшыня вышэйшага дзяржсавета саюзнай дзяржавы, павіншаваў з Днём яднання народаў Беларусі і Расіі Уладзіміра Пуціна. Ён адзначыў "вялізны патэнцыял беларуска-расійскай інтэграцыі", згадаў пра "стратэгічную задачу па далейшым умацаванні Саюзнай дзяржавы з улікам нацыянальных прыярытэтаў і прынцыпаў раўнапраўя", інфармуе БЕЛТА.